Акурат на Дзень Волі ў выдавецтве «Логвінаў» выйшаў збор твораў Арсеня Ліса «Gloria victis!».

Аб’ёмная кніга на 750 старонак змяшчае некалькі серый нарысаў партрэтаў нацыянальных дзеячаў і палітыкаў, што стваралі беларускую дзяржаўнасць напачатку мінулага стагоддзя.

У кнізе можна знайсці артыкулы, кароткія манаграфіі і нарысы, прысвечаныя жыццю людзей, што распрацоўвалі нацыянальную беларускую канцэпцыю – Аляксандра Ўласава, Браніслава Тарашкевіча, Аркадзя Смоліча, Тамаша Грыба, і шматлікіх ншых. Аўтар не абмежаваўся гісторыкамі, палітыкамі і пісьменнікамі. «Gloria victis!» – кніга таксама і пра мастакоў ды беларускую літаратуру ў Польшчы. У прыватнасці, чытач можа знайсці тут артыкулы аб лёсах Максіма Танка, Язэпа Драздовіча, Паўла Южыка.

«Гэта кніга аб нашай знішчанай інтэлігенцыі, трагедыі нашай нацыі. Даючы такую назву кнізе, я аддаю належнае тым людзям» – адзначыў Арсень Ліс.

Арсень Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 г. у вёсцы Ветхава, Маладзечанскага павету Віленскага ваяводства. У 1956 г. скончыў філілагічны факультэт БДУ, ад лета 1957 г. працаваў рэдактарам у «Мастацкай літаратуры». Восенню 1959 г. Арсень Ліс пачаў працаваць у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Абараніў доктарскую дысертацыю. У 1986 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі.

Арсень Ліс з’яўляецца аўтарам шматлікіх энцыклапедычных артыкулаў, выданняў пра вучоных і мастакоў, а таксама манаграфій на тэму каляндарна-абрадавага фальклору Беларусі. Удзельнічаў у напісанні сцэнараў дакументальных фільмаў пра М.Гарэцкага, М.Доўнар-Запольскага, А.Смоліча, Б.Тарашкевіча і іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?