Сёлета на беларускую мову былі перакладзены некаторыя вайсковыя статуты. Пра якасць перакладаў яшчэ і сёння працягваюць спрачацца. Некаторыя апелююць да таго, што беларускамоўная ваенная тэрміналогія не распрацаваная. Але, як высветлілася, яшчэ ў мінулым стагоддзі па-беларуску выдавалася ваенная літаратура разнастайнай тэматыкі. Часцей за ўсё гэта былі пераклады расійскіх кніг, хаця часам рыхтаваліся і арыгінальныя тэксты. Пра ваенную літаратуру на беларускай мове расказвае загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікола Нікалаеў.

— У БССР змаглі стварыць сістэму выдання ваеннай кнігі практычна па ўсіх масавых ваенных спецыяльнасцях на беларускай мове, — кажа сп. Нікалаеў. — Праца па перакладзе іншамоўных кніг на беларускую дазволіла выпрацаваць прафесійную лексіку, адпрацаваць тэрміналогію. Пасля пачатку рэпрэсій супраць ваенных у СССР працэс стварэння беларускай ваеннай кнігі істотна замарудзіўся.

«НН»: Якая ж літаратура выдавалася для вайскоўцаў?

МН: Беларусамі была ўкамплектавана 2-я Беларуская стралковая дывізія, якая ўваходзіла ў 16-ы Беларускі стралковы корпус. Для падрыхтоўкі байцоў палітаддзел дывізіі выдаў «Памятку чырвонаармейцу тэрыторыяльнай часьці». Яе склалі «Чырвоная прысяга», наказ чырвонаармейцу-пераменніку, тэксты «Чаму Савецкая ўлада ўтварыла тэрытарыяльныя часткі» і «Выняткі з дэкрэтаў ЦВК і СНК СССР аб арганізацыі тэрытарыяльных часцей ад 8 жніўня 1923 г.». Апісана гісторыя 2-й Беларускай стралковай дывізіі. На заканчэнні «Памяткі…» надрукаваны тэксты песень «Iнтэрнацыянал», «Ад веку мы спалі», «Ну, таварышы, у паход!», «Узьніміся сьцяг чырвоны!» і каляндар.

Вопыт Першай сусветнай вайны, у якой сотні тысяч людзей загінулі ад атрутных рэчываў, прымушаў вайскоўцаў сур’ёзна ставіцца да гэтай пагрозы. Таму сярод беларускіх ваенных кніг — выданні па ваенна-хімічнай справе. Кніга В. Верычава «Хэмічны напад і абарона», масавым тыражом быў выдадзены дапаможнік Цюцюнава-Орскага «Супроцьгазы і дапаможныя сродкі супроцьхэмічнай абароны», «Дэгазацыя і як яе рабіць» В Фёдарава.

«НН»: А хто займаўся тады перакладамі?

МН: Вайсковая камісія пры Інбелкульце. Паколькі беларуская вайсковая тэрміналогія толькі пачынала распрацоўвацца, у розных выданнях сустракаюцца розначытанні назваў і тэрмінаў. Напрыклад, «Асовіяхэм» і «ТСАавіяхім», «кулямётнік» і «кулямётчык», «бамбавальнік» і «бамбардзіроўшчык».

«НН»: Выдавалі такую літаратуру толькі вайсковыя арганізацыі?

МН: Кнігі вайсковай тэматыкі выдавалі некалькі арганізацый. У 1920-х гэтым займалася Аб’яднаная беларуская вайсковая школа і палітычная ўправа Беларускай вайсковай акругі. У пачатку 1930-х вайсковая літаратура выпускалася Дзяржаўным ваенным выдавецтвам БССР, Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі (ДВБ), у якім быў створаны Сектар ваеннай літаратуры.

У лютым 1933 года з’явіўся «Кароткі тэматычны кнігаспіс ваенна-абароннай літаратуры: «Чырвоная армія і абарона СССР», у якім было занатавана 320 (!) мінскіх выданняў на беларускай мове, 12 на габрэйскай, тры на польскай і адно на літоўскай.

Атрымліваецца, што перад Другой сусветнай вайной была створана вялікая і разнастайная ваенная літаратура на беларускай мове, якая ахоплівала вельмі розныя бакі тагачаснай вайсковай справы.

«НН»: Ваенная літаратура складалася ў большасці з памятак і пастаноў?

МН: Зусім не. Найбольш важнымі дакументамі, якія рэгламентавалі ваенную службу чырвонаармейцаў і тэрытарыяльнікаў, былі афіцыйныя выданні статутаў і настаўленняў. Да пачатку 1930-х гадоў Беларусь ужо мела гэтыя асноўныя дакументы надрукаванымі на роднай мове. Гэта «Баявы статут пяхоты РСЧА», «Баявы статут артылерыі», «Палявы статут», «Статут каравульнай службы», «Настаўленне па стралковай справе», «Настаўленне артылерыі», «Настаўленне па вайсковай інжынернай справе для пяхоты», «Настаўленне РСЧА па тактычных вучэннях і манеўрах», «Настаўленне па вайсковым маскаванні», «Настаўленне для санітараў па падачы першай дапамогі і па пераносцы і перавозцы пацярпелых у баі», «Кіраўніцтва па навучанні войска карыстанню супрацьгазамі»...

Была нават літаратура пра ваенна-марскі флот — «Пад чырвоным вымпелам» В. Паморцава, праца, схаванага за ініцыяламі А.Т., «Падводныя лодкі і барацьба з імі», «Як працуюць вадалазы» В. Сялітраньнікава, «Новыя задачы шэфства над флётам» Гальянава і Янава.

«НН»: Хіба БССР мела свой флот?

МН: Флот не, але дачыненне да караблёў мела. Найбольш увагі ў рэспубліцы прыцягваў асобны карабель — адзін з самых вялікіх лінкораў расійскага флоту. У 1918 годзе лінкор «Севастопаль» перайшоў з Гельсінгфорса ў Кранштат, праз год ён удзельнічаў у абароне Петраграда ад войскаў генерала Юдзеніча. У сакавіку 1921 паўтары тысячы маракоў з «Севастопаля» разам з экіпажам аднатыпнага лінкора «Петрапаўлаўск» ўзначалілі паўстанне ў Кранштаце. Пасля задушэння паўстання на «Севастопаль» з Петраграда прыслалі новы экіпаж. А лінкор пераназвалі ў «Парыжскую камуну». У лістападзе 1924 года яго паставілі каля Балтыйскага завода для капітальнага рамонту і тады ж абавязалі камсамол Беларусі ўзяць над ім «шэфства» — частку выдаткаў на ўтрыманне.

У 1927 аб лінкоры выдавецтва «Чырвоная зьмена» выпусціла кнігу «Парыская комуна»: лінейны карабель Балтыцкага флёту, падшэфны комсамолу Беларусі». У ёй распавядаецца аб баявой падрыхтоўцы і адпачынку маракоў-балтыйцаў. У канцы кнігі прыкладзены даволі вялікі беларускамоўны тлумачальны слоўнік марскіх тэрмінаў, які ўвабраў і выразы «марскога» жаргону.

«НН»: Якой яшчэ тэматыцы прысвячаліся ваенныя кнігі?

МН: «Пагроза вайны сусветнай буржуазіі супраць Савецкага Саюзу патрабуе ўзмацнення баявой падрыхтоўкі Чырвонай арміі. Аднэй з галоўных задач гэтай падрыхтоўкі зьяўляецца шырокае знаёмства нашай арміі з тэхнікай і са спосабамі барацьбы з ёю», — з такой анатацыі пачыналася кніга П. Максіменкі «Барацьба з авіяцыяй». Задача кнігі — дапамагчы байцу і малодшаму камандзіру разабрацца ў пытаннях моцных і слабых бакоў паветранага праціўніка і правільнай барацьбы з гэтым праціўнікам. Ваенна-авіяцыйную тэму раскрывалі і іншыя выданні: «Як пабудаван самалёт і як ён лятае» А. Жабрава, «Авіяцыя і пяхота» М. Смірнова, «Наш паветраны флёт» В. Хрыпіна.

У 1933 годзе ў Дзяржаўным ваенным выдавецтве БССР выйшла кніга А. Ліньніка «Ахова жывёлы ад хімічных сродкаў паветранага нападу». Кніга «Куляй па самалёце» В. Аляксеева і І. Хорыкава — яна вучыла байца не баяцца паветранага нападу і расказвала аб магчымым супраціве (яшчэ рэальным пры тым узроўні развіцця авіяцыі).

Выдаваліся кнігі па ваенна-інжынернай справе і сувязі ў войсках, па ваенна-санітарнай справе, дапаможнікі для палітработы ў РСЧА.

«НН»: А кнігі пра больш звыклыя для беларусаў роды войск?

МН: Дастаткова былі забяспечаны спецыяльнай літаратурай байцы, якія абслугоўвалі два галоўныя на той час тыпы кулямётаў. Існавала «Памятка наводчыку па доглядзе і зберажэнні ручнога кулямёта Дзегцярова» і «Памятка наводчыку па доглядзе і захаванні кулямёта «Максіма» А. Палякова, «Кулямёт-машына. (Гутаркі аб кулямёце «Максіма»)» І. Хорыкава і В. Аляксеева, «Памятка і практычныя парады кулямётніку-максімісту» Інцяпіна.

Кнігі для артылерыстаў (альбо, як пісалі ў 1930-х, «артылерыстых»). «Памятка чырвонаармейцу аб артылерыі» і «Памятку выведніку-артылерысту» А. Разынко, «Дзействы асобнай палкавой гарматы» С. Гейнрыха, «Баявая работа гарматы і аддзялення» Сямёнава, «Артылерыйскія прыборы і карыстанне імі» С. Гейнрыха.

Механізацыя і матарызацыя войск была адлюстравана перш за ўсё і галоўным чынам кнігамі, што прысвечаны танкам і барацьбе з імі. Тэорыя пытання выкладзена ў кніжцы К. Каліноўскага «Праблема матарызацыі і механізацыі сучасных армій». Практычныя функцыі выконвалі «Пабудова і ўжыванне танкеткі» Герасімава і «Інструкцыя па навучанню важдзенню малага танку».

«НН»: Складанай часткай вайсковага майстэрства з’яўляецца тактыка. Кнігі па гэтай вайсковай дысцыпліне па-беларуску былі?

МН: Беларуская літаратура па гэтым прадмеце з’явілася ў другой палове 1920-х гадоў. Сярод кніг па тактыцы — «Тэхніка першай выведкі аддзяленнем, узводам і ротай» В. Арцэза, «Навучанне байца і аддзялення ў полі» С. Гурава, «Бой стралковага аддзялення ў прыкладах» П. Максіменкі, «Каравульная служба» М. Марчанкі, «Фарсаванне рэк» І. Ткачова.

У курсе тактыкі важную ролю адыгрывае ваенная тапаграфія. У гэтай тэматычнай групе з’явіўся падручнік «Вайсковая топографія» А. Казачкова. Пра грунтоўнасць падыходу да выдання гэтай перакладной кнігі сведчыць той факт, што зроблены пераклад не толькі тэксту, але і надпісаў на ілюстрацыях — картах і планах. У 1931 выйшаў падручнік В. Свянціцкага «Вайсковая тапаграфія. Падручнік па вышэйшай дапрызыўнай падрыхтоўцы для ўсіх ухілаў», а ў 1932 — дапаможнік Ф. Каржаневіча «Як карыстацца картамі і планамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?