Калі пачытаць гістарычныя выданні савецкай эпохі, дык складаецца ўражанне, што сярэднявечная гісторыя — безупыннае змаганне паміж безаблічным класам фэадалаў і прыгоннымі сялянскімі масамі. З іншага боку, разгарнуўшы адраджэнскія кнігі, думаецца, што ў тыя часы нашую зямлю насялялі выключна вялікія князі і валявыя гетманы, якія толькі тое і рабілі, што заключалі ўрачыстыя хаўрусы і выходзілі на векапомныя бітвы...

У новай кнізе Вольгі Бабковай таксама ажываюць постаці беларускай гісторыі, але якія! Менскі аптэкары Матыс Чаховіч, злотнік Людвіг Залатар, мешчанін Івашка Кузютыч... Вылавіўшы ў гістарычных (збольшага судовых) крыніцах ХVI-XVII людскія эмоцыі і дробныя дэталі жыцця, Бабкова рэканструюе побыт і паводзіны тагачасных людзей. Як высвятляецца, і тады ялюдзі шукалі працу, перажывалі, жаніліся, адпісвалі сынам спадчыну, сварыліся і нават нецэнзурна лаяліся... У кнізе — пра вулкі старога Менску, пра сярэднявечныя кошты, пра тагачаснае стаўленне да дзяцей.

У Вольгі Бабковай свой адказ на пытанне: « Як усё было?». Яна ператварае мінулае не ў самавітыя музейныя залі, а ў мілае бязладдзе антыкварнай крамы: тут асабістыя рэчы нашых продкаў, якія можна ўзяць, памацаць, прымерыць на сябе, адчуўшы сапраўдны водар мінулага. Дзіўная рэч: чытаючы пра злачынствы, цяжбы, сваркі, скаргі, пакручастыя жыццяпісы людзей, сэрца поўніцца адкрыццём — яны ж такія самыя, як мы (прынамсі не лепшыя за нас)! І ўся беларуская гісторыя ператвараецца ў кранальную гісторыю асобна ўзятага беларуса... Чалавек ідзе!

Для аматараў кніга аздоблена караценькім старабеларускім-беларускім слоўнікам штодзённых з’яваў і рэчаў.

Вольга Бабкова. ...І цуды, і страхі. Эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага ХVI-XVII стст. Мінск: «Логвінаў» (серыя «Галерэя «Б»). 2010, — 150с., 500 ас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0