«Кора Яцкоўская» — кажуць па варшаўскім тэлебачаньні і паказваюць яе —сьпявачку славутага Maanam, і запыняю сябе на думцы, што гэта —распаўсюджаная памылка — злучыць імя з псэўданімам. Вось і я калісьці напісаў гэтак жа ў сваім аповедзе — Кора Яцкоўская, заўважыў, але ня стаў спраўляць, таксама гучыць прыгожа. Вольга Яцкоўская, Кора, яе баляды неверагодна прачулыя, пекныя — выпадак, калі хочацца сьпяваць самому, паўтараць за ёю — пра «халодны май» і «халодны край», пра места, якое сьпіць і дзе сьпяць каты. А эратычныя, не на паверхні, а — прыхавана тэксты іншых песень, напісаных ёю? На жаль, яна да нас не прыехала сваім часам, хацелася спадзявацца — не даехала.

І цяпер спачатку не пазнаю яе: выбеленыя валасы нібы ў Малгажаты Астроўскай з «Лёмбарда», зьменены крыху імідж. Яна прыйшла на могілкі салдатаў Чырвонай арміі, каб ушанаваць іх памяць. Ня лічачы некалькіх інцыдэнтаў, палякі прыйшлі з кветкамі і зьнічамі. 600 тысяч забітых — лічба. Адзін польскі гісторык адказвае настроеным адмоўна: яны не маглі прынесьці сапраўдную свабоду, бо самі былі несвабодныя. Так, у гэтым соль, астатняе — проза або эмоцыі. Пафас маскоўскіх калегаў (пра горад‑гярой маўчу): улада для сябе зрабіла пампэзнае сьвята, для вэтэранаў — ласку — бясплатны званочак былому аднапалчаніну ці яшчэ штось грашовае, а гэта ж яны павінны быць у цэнтры ўсяго! І цьвярозы голас сярод абмеркаваньня — вэтэраны былі звычайныя савецкія канфармісты, яны ніяк не адстойвалі свае правы, таму ўсё заканамерна.

Нібыта на паверхні такія высновы, але каб да іх дайсьці, патрэбны час. Быў такі дысыдэнт генэрал Грыгарэнка ў савецкія часы, а хто яшчэ?.. Ну, не зьвярталі на іх спачатку ўвагі — на вэтэранаў, бо кожны другі быў ім. Пазьней ім сталі даваць слова — да піянэраў пасылалі з успамінамі, нейкія прыплаты, і яны былі радыя, што ўзгадалі нарэшце. Вось ня ўсе вырашылі жыльлёвае пытаньне дагэтуль, абуральна гучыць. Але ж многія стараліся скарыстаць такую магчымасьць — і дзецям кватэры зрабілі, і сабе… Такая сыстэма была.

Выбачайце за эклектычнасьць: Кора, дзень перамогі, свабода… Гэта выпадкова атрымалася. Проста гучыць вось: камусьці трэба свабоду бараніць рабіць што хочаш, каб Эўропа не перашкаджала… А мы тут прычым? Мы амаль як вэтэраны, мы разам — краіна несвабодных людзей. Якую свабоду бараніць, чыю? Для нас свабода — гэта Эўропа, дзе людзям непатрэбна прышываць жоўтую зорку сабе. Ці бачылі — як яны мяжу пераяжджаюць? А мы з зоркай, хай з чырвонай, невялікая радасьць. Нас пранумаравалі як статак. Рэжа слова «свабода», пачутае з рупару прапаганды, бо яно ж у нас —лаянка, як добра вядома. Шугаешся ад яго міжволі.

Lady Pank, Lоmbard, Kombi — з аднаго шэрагу з Maanam — якраз і былі для нас, гарадзенцаў, пры канцы «перабудовы» голасам свабоды, глытком свабоды, калі мы пачулі іх жыўцом у сваім горадзе, мы крычалі на канцэрце — «Нех жые «Лёмбард», нех жые Малгося Астроўска!» Потым яна сышла з дыстанцыі, нарадзіла дзіця, здаецца. Пазьней нехта заахвоціў яе вярнуцца на сцэну, яна выпусьціла адзін альбом, малавыразны. Зь ім выступала на Грунвальдзе на бясплатнай пляцоўцы, я тады зацікавіўся вельмі, але, сам не чакаў, пайшоў нарэшце слухаць рыцарскія баляды на другім канцы грунвальдзкага поля, было гэта дзесяць год таму.

У «Лёмбардзе» зьмянілася вакалістка, яны прыехалі да нас праз многа часу, сутыкнуўшыся з нашымі праблемамі: з патрэбай чаканьня візы — дадуць ці не? З турботамі на мяжы — ці прапусьцяць, ці пасьпеюць? Урэшце канцэрт у занядбаным падворку, прызнаны ўладамі за нелегальны. Бел‑чырвона‑белы сьцяг на даху і — штрафы для тых, хто прыйшоў паслухаць свой любімы «Лёмбард». Іх саміх гэта зачапіла за жывое… Ну, і якая гэта свабода? Яе нам трэба бараніць? Свабода, гэта канцэрт Коры і Maanam‑а перад палацам Браніцкіх (гэта накшталт нашага ў Сьвяцку, які па‑ранейшаму разбураецца) на вольным паветры ў Беластоку, пра які мне распавядаў аднойчы сябра. Дзе нікога не хапалі за сьцягі, не цягнулі ў суд, не штрафавалі.

Раней радыёапытаньне: польскія мужчыны як за самую вабную сьпявачку выказваюцца за Кору… Вось і цяпер яна выглядае як мае быць, не зважаючы на час, на гады. І сьпеў — стрыманы, але свабодны, поўны духу свабоды. Гэта вельмі важна: адно адпавядае другому — песьні і аблічча выканаўцы. А ў скрынцы скочуць нібы малпы дзяўчонкі з цыцохамі, з надзіманымі сьвісткамі з ансамбля Зэ Курвы.

Га, ледзь не забыўся: прозьвішчы гэтыя — Астроўская, Яцкоўская — нашыя, вельмі. Памятаю аднапалчаніна, магілеўчука, Яцкоўскага, ёсьць гарадзенскія Яцкоўскія. А найлепшая — Кора Яцкоўская, «Кракаўскі сплін» — гэта штосьці неверагоднае, можна параўнаць толькі з гарадзенскім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?