У Музычным тэатры зноў прэм’ера. Ледзь паспелі аднавіць балет «Мефіста» — прадаюць квіткі на камедыю «Мая жонка — падманшчыца». І гэта не аднаўленне старога спектаклю 1978 года, што пратрымаўся на сцэне 20 год, а суцэльна новая пастаноўка.

Бо тады ставілі для таго, каб прывабіць не надта патрабавальную публіку і зарабіць грошай на правінцыйных гастролях. Цяпер ставяць з педагагічнымі мэтамі: каб акторы набіралі артыстычную форму.

Не ведаю, ці ставіў бы тэатр «Падманшчыцу», калі б гэта залежала ад новага кіраўніцтва. На час змены тэатральнай улады рэпертуар быў ужо звярстаны. Як і планавалася, 41 тэатральны сезон адчыніцца 11 верасня прэм’ерай музычнага рэвю «Аднойчы ў Чыкага» па матывах кінафільма «У джазе толькі дзяўчаты», а ў лістападзе — зусім у стылі былога рэжысёра Ісаева — адбудзецца прэм’ера музычнай камедыі «Аршын мал алан» Узэіра Гаджыбекава.

Але мяняецца сам падыход да гэтых прэм’ераў. Яны ўспрымаюцца як магчымасць сур’ёзна папрацаваць з «лёгкім» рэпертуарам і падрыхтавацца да складаных задач. Тут праца з «Падманшчыцай» вельмі карысная. Бо камедыя звычаяў — гэта камедыя чалавечых стасункаў, хлеб надзённы любога тэатра.

Пастаноўкай «Падманшчыцы» займалася рэжысёр Тэатра оперы і балета Галіна Галкоўская. У артыстычным асяроддзі ў Галкоўскай рэпутацыя рэжысёра суровага і патрабавальнага. Таму для мяне было сюрпрызам, з якой пяшчотай і захапленнем гавораць пра яе акцёры Музычнага тэатру розных пакаленняў: і юная выпускніца Акадэміі мастацтваў Вікторыя Стрыганкова, і заслужаны артыст Васіль Сердзюкоў, які ўдзельнічаў яшчэ ў першай пастаноўцы «Падманшчыцы». Асабліва падкрэсліваюць, што Галкоўская прайшла ГІТІСаўскую школу, і што яе настаўнікам быў колішні галоўны рэжысёр абодвух нашых музычных тэатраў Вячаслаў Цюпа.

Захапленне вучобай у тэатры не выпадковае. Бо нядаўна прызначаны мастацкі кіраўнік, заслужаны работнік культуры Адам Мурзіч — выдатны вакальны педагог. Само з’яўленне такога чалавека абуджае жаданне ўдасканальвацца. Дый

новы кіраўнік ставіць перад тэатрам амбітныя задачы: стварыць нацыянальны рэпертуар, асвоіць жанр класічнай венскай аперэты і нават оперы… «Агатка», «Сільва» (сапраўдная, не апаганеная савецкімі цэнзурнымі нажніцамі!), «Дон Жуан» Моцарта — такія цяпер арыенціры ў Музычнага тэатра.
Будуць і мюзіклы, з якімі працуе асобная частка трупы. Але 60–70% рэпертуару складзе класіка. Гэта вяртанне ў еўрапейскую культурную прастору, праз церні да зорак: ад «Бабскага бунта» праз «Падманшчыцу» і «Аршын мал алан» да «Дон Жуана».

У Музычным тэатры Моцарта хочуць не толькі праспяваць, але і дасканала паставіць. Як паставілі балет «Мефіста». Па яркасці музыкі ён нагадаў мне «Анюту» Бялінскага з музыкай Гаўрыліна, а па насычанасці эмоцыяў і тэатральнай дзеі — мой любімы купалаўскі спектакль «Больш чым дождж».

У «Падманшчыцы» такіх моцных пачуццяў напэўна не будзе. А 

будзе лёгкая музычная камедыя, якую так любіць публіка, асабліва ўлетку. Прэм’ерныя паказы адбудуцца 14, 15 і 18 ліпеня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?