У 2000 годзе «Наша Ніва» прадбачыла канфлікт новай расійскай улады і лукашэнкаўцаў. Аналіз «Лукашэнка яшчэ можа стаць меншым злом» быў змешчаны ў № 29 за ліпень 2000 года.

«Расейскія капіталісты і ваеншчына хутка знайшлі супольную мову з Лукашэнкам.

Знайшлі супольную мову, але не зракліся мараў пра поўны кантроль над экспартна-паплатнымі беларускімі вытворчасьцямі —
найперш нафтаперапрацоўкай, мэталюргіяй, хіміяй, а таксама транзытнымі камунікацыямі, і гэтая іхная ласасьць стварае заўсёдную небясьпеку таго, што яны, з уласьцівай сёньняшнім расейцам гарачнасьцю ў выбары сродкаў, захочуць паставіць замест Лукашэнкі прэзыдэнтам чалавека нашмат больш падатлівага і расейскага — нейкага, скажам, генэрала ці вядучага Радыё Бі-Эй. Бо 
Лукашэнка, у сілу сваёй няўрымсьлівай працы па ізаляцыі беларускай культуры, ізаляваў яе ўжо да такой ступені, што сам аказаўся занадта беларускім для створанай ім сыстэмы. Сыстэма дзяржаўнай улады, завязаная на ўсім расейскім, сёньня патрабуе ўжо сабе ў кіраўнікі меней беларускага чалавека, чым Лукашэнка. У гэтым драма Лукашэнкі і пагроза ягонай уладзе.

А ізаляцыя беларускай культуры адбылася, бо тая несла, лічылі праектанты, палітычную пагрозу задуманай сыстэме звышэксплюатацыі і самаўладзьдзя, якое такую эксплюатацыю гарантуе — бо беларуская культура нясе пэўную гістарычную традыцыю свабоды і права, як і пэўныя геапалітычныя сымпатыі.

Але ў гэтым самым і драма беларускай апазыцыі.

Рэальнасьць сёньня такая, што зьмяніць Лукашэнку можа толькі нашмат большы марыянэтка Масквы, яшчэ больш цынічны й варожы нашым ідэалам.
А значыць, што ёсьць пагроза ў другі раз трапіцца ў пастку 1994 году, калі, скіраваўшы ўсе сілы на барацьбу з Кебічам, беларуская правіца прывяла да ўлады непрадказальную сілу.

Цяпер зноў уся незайздросная моц беларускай культуры скіраваная на дыскрэдытацыю гэтага ўвасабленьня зла і беспрынцыпнасьці, гэтага сымбалю нашага нацыянальнага рабства — на калгаснага банапарта. Пры гэтым ігнаруецца той факт, што вал расейскае культуры і мэдыяў, што нясуць расейскі нацыяналізм і погляд на сьвет, цяпер настолькі магутны, што па-сапраўднаму страшны ўжо не Лукашэнка. Жахнуцца нас прымусіць можа той чалавек, якога Лукашэнку падрыхтуюць на зьмену. Мы яшчэ згадаем тады цяперашняга Лукашэнку. Тады, пад засеньню арла і трыкалёра, мы яшчэ паўспамінаем з настальгіяй чырвона-зялёны сьцяг, газэту „Звязда“ і радыёстанцыю „Сталіца“.

Такі

найгоршы варыянт расейскай экспансіі ў Беларусь ужо стаў цалкам магчымы. Бо бліскуча ўдаецца нацкоўваць тых, чыя кааліцыя даўно магла б памяняць шлях разьвіцьця Беларусі — Лукашэнку і правую апазыцыю.

Таму што зьмяніць Лукашэнку можа й… сам Лукашэнка, але ў якасьці беларускага варыянту Кучмы. Толькі дзеля гэтага ён мусіць выканаць некаторыя ўмовы».

10 гадоў мінула. Ці застаюцца тэзісы таго артыкула актуальнымі? Не. Краіна змянілася.
Нацыянальная свядомасць умацавалася — гэта фіксуюць сацыёлагі. Згуртаваліся бюракратыя і палітычны клас, і нават сілавыя структуры запоўніліся выхадцамі з Беларусі. У дзяржапараце выраслі цікавыя гаспадарнікі і адміністратары — віцэ-прэм’еры, міністры і кіраўнікі ўпраўленняў.

За гэты час пагрозы незалежнасці былі адведзены, а Лукашэнка перастаў быць незаменным.

Больш не варта жыць учарашнім днём. Рабіць выгляд, што на дварэ па-ранейшаму 1993 або 2000 гады. Трэба асэнсоўваць сённяшнюю рэальнасць, зыходзячы з таго, што могуць прынесці краіне лукашэнкаўцы, а што — сілы, што выступаюць за еўрапейскую інтэграцыю Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?