Арганізатары фестывалю «Гальшанскі замак-2010» запросяць гасцей на баль. Мерапрыемства пройдзе 21 жніўня каля сцен легендарнага замка, паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ашмянскага райвыканкама Людміла Каханоўская.

У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана адначасова чатыром падзеям: 600-годдзю Грунвальдскай бітвы, 400-годдзю заснавання Гальшанскага замка, 730-годдзю заснавання саміх Гальшан і 605-годдзю з дня нараджэння Соф’і Гальшанскай (заснавальніцы роду Ягелонаў).

Упершыню фестываль адкрые тэатралізаваны пралог з удзелам артыстаў з замкавых гарадоў і мястэчак вобласці. На баль да Соф’і Гальшанскай прыедуць гістарычныя асобы — уладальнікі Крэўскага, Геранёнскага, Навагрудскага, Гродзенскага, Любчанскага, Мірскага замкаў. На мерапрыемстве ўспомняць заснавальнікаў Гальшан, рыцарскія турніры будуць прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

У праграме таксама рыцарскі бугурт, турнір лучнікаў, разнастайныя конкурсы. Будзе працаваць горад майстроў. Адбудзецца канцэрт старадаўняй музыкі з выступленнем груп «Стары Ольса», «Літвінтроль», «Тэстамэнтум Тэррэ», «Расалія», «Келіх Кола», «Гальярда», «Cornucopia» і інш., выступленне танцавальных калектываў і фаер-шоу.

Дзякуючы супрацоўніцтву з турыстычнымі фірмамі штогод да гэтага мерапрыемства праяўляе цікавасць усё большая колькасць людзей. Чакаецца, што ў гэтым годзе фестываль збярэ каля 2 тыс. гасцей, у тым ліку з Літвы, Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі. Мясцовыя жыхары атрымліваюць бясплатныя запрашальныя білеты ў сельскім выканкаме, для астатніх кошт білета складзе Br25 тыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?