Канцэрн Google спрабуе дагнаць Фэйсбук і ўкараніцца ў сацыяльных сетках.

З сацыяльнымі сеткамі гуглу не вельмі шанцуе. Два гады таму канцэрн адмовіўся ад сэрвіса Lively, які меў быць адказам Second Life. Нядаўна перастаў дзейнічаць сэрвіс Google Wave — паяднанне інтэрнэт-камунікатара, электроннай пошты і інструмента для агульнай працы над дакументамі. А Buzz (альбо жывая стужка), клон Твітэра, набыла ўмераную папулярнасць.

Але сыходзіць з гэтага рынку Google не збіраецца.

Цягам апошняга месяца кампанія заключыла тры пагадненні з фірмамі, звязанымі з сацыяльнымі сеткамі, выдаткаваўшы паўмільярда даляраў. Характэрна, што кожная з гэтых трох кампаній звязаная з гульнямі, у якіх можна гуляць, напрыклад, на Фэйсбуку, дзе больш за паўмільярда карыстальнікаў.
Фэйсбук з’яўляецца найбуйнейшым канкурэнтам Google.

Гэтыя пагадненні могуць сведчыць пра намер Google стварыць сэрвіс, што здолеў бы канкураваць з Фэйсбукам. У суботу кіраўніцтва канцэрна абвясціла, што набывае кампанію Jambool (паводле неафіцыйных звестак, за $70 млн), галоўным хітом якой з’яўляецца Social Gold. Гэта электронныя грошы, што дазваляюць інтэрнет-карыстальнікам аплачваць дадатковыя гаджэты, напрыклад, у гульнях. Jambool таксама мае праграмнае забяспечанне, якое дазваляе іншыя віртуальныя плацяжы.

За тыдзень да гэтага Google заплаціў каля $200 мільёнаў за Slide, вытворцу гульняў і інструментаў, якія выкарыстоўваюцца ў сацыяльных сетках — у тым ліку на Facebook і MySpace. Месяц таму Google купіў пакет акцый кампаніі Zynga, стваральніка самых папулярных гульняў на Фэйсбуку.

Паводле The Wall Street Journal, гульні будуць толькі адным з элементаў новай сацыяльнай сеткі, якую плануе Google. Кампанія не каментуе гэтыя чуткі. А на пытанне журналістаў, ці будзе Google нагадваць Фэйсбук, Эрык Шміт, старшыня канцэрну, адказаў: «Нікому не патрэбныя дзве копіі аднаго і таго ж».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?