Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі будзе выяўляць і спыняць выплаты заработнай платы «ў канвертах». З гэтай мэтай распараджэннем старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця створаная працоўная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, КДБ, МУС, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства па падатках і зборах, Мінэканомікі, Мінпрацы і сацабароны, Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Яна будзе працаваць з 23 жніўня па 23 верасня. Яе асноўная задача — высветліць прычыны, па якіх асобныя наймальнікі выплачваюць работнікам заробак у памеры, ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму (на 1 жніўня 2010 складаў Br274 тыс.), а таксама ніжэйшым за $200 у эквіваленце.

КДК правёў папярэдні аналіз таго, як выконваюцца прагнозныя паказчыкі па росце заработнай платы ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006–2010. «Калі мы правялі маніторынг росту заработнай платы, то ўбачылі пэўныя праблемы, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за працай галін сацыяльнай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Ала Мікалуцкая. — З аднаго боку, прадпрыемствы імкнуцца працаваць, каб павялічыць людзям заробак, таму ёсць упэўненасць, што пастаўленая задача па дасягненні росту заробкаў да канца году да $500 у эквіваленце будзе выкананая. Разам з тым, прааналізаваўшы сітуацыю, мы ўбачылі, што з 4 млн. 580 тыс. чалавек эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі 446 тыс. чалавек (9,7%) атрымліваюць даходы, ніжэйшыя за бюджэт пражытачнага мінімуму».

Створаная працоўная група, а таксама аналагічныя групы ў абласцях павінныя высветліць прычыны таго, чаму гэта адбываецца, у прыватнасці, на прадпрыемствах без ведамаснай падпарадкаванасці. Такіх прадпрыемстваў, дзе заробак складае менш за $200, у рэспубліцы больш за 30 тыс. У той жа час, на рахунках гэтых прадпрыемстваў ёсць дастаткова вялікія грошы. Ёсць падставы меркаваць, што ў асобных выпадках мае месца выплата заробку «ў канвертах», ухіленне ад выплаты падаткаў, а таксама невыкананне працоўнага заканадаўства падчас прыёму на працу.

На жаль, некаторыя грамадзяне самі не надаюць значэння факту выплаты заробку «ў канвертах», адзначыла Ала Мікалуцкая. У гэтым выпадку людзі не задумваюцца, якія сацыяльныя гарантыі яны страчваюць. Згаджаючыся на заработную плату «ў канвертах», не заключыўшы падчас прыёму на працу працоўную дамову, працаўнік пазбаўляецца дапамогі па часовай непрацаздольнасці і магчымасці забяспечыць годную крыніцу прыбытку пры выхадзе на пенсію па ўзросце. Яшчэ адзін важны аспект ў гэтым пытанні — непаступленне ў бюджэт сумы падаткаў і плацяжоў з заработнай платы, якія, у тым ліку, ідуць на выплату пенсій, стыпендый, заробку работнікам бюджэтнай сферы.

Цяпер у Камітэце дзяржкантролю адкрыты тэлефон гарачай лініі па пытанні выплаты заробку «ў канвертах». Да 6 верасня жыхары Беларусі могуць паведаміць пра падобныя факты на гарачую лінію (тэл. (017) 222 29 27) або даслаць электроннае паведамленне на сайт Камітэта дзяржкантролю (раздзел «Гарачая лінія»). Тэлефоны гарачай лініі будуць дзейнічаць і ў абласцях.

Па дадзеных Камітэта дзяржкантролю, у 2010 фінансавай міліцыяй КДК распачаты шэраг крымінальных справаў. Барысаўскім міжраённым аддзелам фінансавых расследаванняў распачатая крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара прыватнага прадпрыемства. Падчас аператыўных мерапрыемстваў было высветлена, што кіраўнік фірмы цягам 2007–2009 выплачваў працаўнікам заробак «у канвертах» звыш тых сумаў, якія праходзілі па афіцыйнай бухгалтэрыі. Гэтая інфармацыя была пацверджаная падчас апытанняў работнікаў гэтага прадпрыемства. Усяго па чорнай бухгалтэрыі быў выплачаны заробак 43 супрацоўнікам дадзенай фірмы — агулам больш за Br161,3 млн. У выніку дзяржаве была нанесеная шкода ў выглядзе нявыплаты абавязковых страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны агулам у Br56, 5 млн. У дачыненні да дырэктара фірмы распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 216 (маёмасная шкода без прыкметаў крадзяжу) КК. Крымінальная справа накіраваная ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?