Галоўная ваенная пракуратура Польшчы не выключае, што ў крымінальнай справе пра катастрофу самалёта прэзідэнта Леха Качынскага пад Смаленскам могуць з’явіцца падазраваныя.

«Наша галоўная мэта — дакапацца да ісціны. Пры гэтым я не выключаю, што ў крымінальнай справе могуць з’явіцца фігуранты», — сказаў галоўны ваенны пракурор Польшчы Кшыштаф Парульскі ў Маскве.

Раней паведамлялася, што Масква перадала Польшчы 11 тамоў крымінальнай справы па катастрофе Ту-154. «Расійскі бок звярнуўся да нас з запытам пра юрыдычную дапамогу, і пакуль мне, на жаль, няма чым адказаць: я не магу перадаць такую ж колькасць матэрыялаў расійскаму боку. Але магу запэўніць, што запыты пра прававую дапамогу (атрыманыя ад расійскага боку) будуць рэалізаваныя. Праца па першым запыце практычна цалкам выкананая, нам засталося дапытаць пецярых сведкаў. Усяго было дапытана больш за 100 сведкаў. Я спадзяюся, што ў сярэдзіне верасня мы перадамо гэтыя дакументы расійскай пракуратуры», — сказаў Парульскі.

Парульскі таксама выказаў надзею, што матэрыялы па двух іншых запытах будуць перададзеныя расійскаму боку ў пачатку кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?