«Гульня супраць румынаў будзе больш складанай, чым з французамі, бо ўсе чакаюць нашай перамогі», —
заявіў галоўны трэнер беларускай футбольнай зборнай Бернд Штанге 6 верасня ў Мінску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай падрыхтоўцы да другога адборачнага матчу чэмпіянату Еўропы-2012.

«У Францыі мы контратакавалі, шмат абараняліся, але гэтага недастаткова, калі мы хочам выйграць», — сказаў Штанге. Ён выказаў надзею, што 7 верасня на мінскім стадыёне «Дынама» будзе аншлаг. «Калі мы дзесьці згуляем слабей, нам дапамогуць балельшчыкі. На стадыёне патрэбна фанатычная атмасфера», — сказаў трэнер.

Штанге падкрэсліў, што зборная, якая імкнецца прайсці кваліфікацыю, павінна выйграваць у групе ўсе матчы ў Албаніі і Люксембурга, а таксама ўсе дамашнія матчы з астатнімі сапернікамі.

«Перамога ў Францыі — гэта падарунак лёсу, таму дома мы нешта павінны паказаць», — адзначыў нямецкі спецыяліст.

Паводле яго слоў, цяпер важна як мага хутчэй забыць пра гэты поспех, «аднак тут для гэтага трэба крыху больш часу, бо газеты са справаздачамі выйдуць толькі праз чатыры дні — у дзень другога матчу».

Штанге паведаміў, што да матчу з румынамі рыхтуецца 21 футбаліст, траўм няма. Сапернік, паводле яго слоў, вывучаны ў дастатковай ступені. «Мы абсалютна гатовыя», — заявіў трэнер. Ён не стаў адказваць на пытанне, што ўяўляе сабою цяперашняя зборная Румыніі, адзначыўшы толькі, што за апошнія гады яна прыкметна абнавілася, а пятнічная нічыя ў Бухарэсце супраць Албаніі яго здзівіла.

Паводле інфармацыі Штанге, ён не збіраецца ўносіць значныя змены ў склад у параўнанні з гульнёй у Францыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што на кожную пазіцыю ёсць два, а то і тры гульцы. «Калі гаворка ідзе пра вынік, не так важна, хто гуляе», — лічыць Штанге.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?