Для выканання абавязацельстваў па сацыяльных пытаннях і зарплаце дэфіцыт бюджэту на 2010 год давядзецца павялічваць, заявіў 6 верасня міністр фінансаў Андрэй Харкавец, адказваючы ў парламенце на пытанні журналістаў.

Паводле слоў кіраўніка Мінфіна, урад у 2010 годзе «чакаў вялікіх прыбыткаў», аднак «з-за суб`ектыўных рашэнняў, найперш з боку Расіі», частку іх «можна недаатрымаць».

Харкавец паведаміў, што «пры захаванні аб`ёмаў фінансавання запланаваных выдаткаў і прынятых рашэннях па сацыяльных пазіцыях і зарплаце давядзецца крыху павялічыць дэфіцыт бюджэту».

«Не скажу, што гэта абавязкова дрэнна, бо для фінансавання дэфіцыту бюджэту будзем прыцягваць раней зэканомленыя сродкі. У мінулыя гады бюджэт выконваўся з прафіцытам», — сказаў міністр.

Паводле слоў Харкаўца, для фінансавання дадатковых выдаткаў сёлета можа спатрэбіцца 2–2,5 трлн. рублёў.

Як раней паведамляў БелаПАН, па выніках студзеня-ліпеня 2010 года дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі склаў каля 2 трлн. рублёў.

Паводле звестак Міністэрства фінансаў, прыбыткі рэспубліканскага бюджэту за гэты перыяд склалі ў суме 16,3 трлн. рублёў, або 46% гадавога плана, а выдаткі склалі 18,3 трлн. рублёў, ці 46,5% гадавога плана. Па стане на 1 жніўня сума даўгоў плацельшчыкаў перад бюджэтам склала 76,9 млрд. рублёў і павялічылася з пачатку года на 18,2 млрд. рублёў.

У адпаведнасці з законам аб бюджэце на 2010 год межавы памер рэспубліканскага бюджэту ўстаноўлены на ўзроўні 1,5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?