Смерць Алега Бябеніна выклікае ўсё больш пытанняў.

Сёння ў Менску пройдзе грамадзянская паніхіда па журналісце Алегу Бябеніну, заснавальніку апазіцыйнага сайта charter97.org, які быў знойдзены мёртвым у сваім загарадным доме. Яго гібель — пры вельмі дзіўных абставінах — выклікала масу пытанняў. У версію следства — самагубства — калегі Алега не вераць.

Журналіста выцягнулі з пятлі ўвечары 3 верасня — у яго дачным доме пад Менскам. Побач ляжаў перакулены зэдлік. У той час Алег Бябенін быў ужо мёртвы. Напярэдадні ён перастаў адказваць на званкі і жонка сур’ёзна занепакоілася.

Як паведамілі ў абласной міліцыі, на целе загінулага «не было знойдзена слядоў барацьбы», а суседзі па лецішчы не бачылі ў той дзень незнаёмых. Таму аператыўнікі паспяшаліся агучыць «асноўную версію» — самагубства. Прычым яшчэ да таго, як з’явіліся першыя высновы судмедэкспертаў. Пазней да расследавання падключылася Генпракуратура, але і там кажуць: хутчэй за ўсё, Бябенін добраахвотна пайшоў з жыцця.

А вось калегі журналіста — заснавальніка і кіраўніка аднаго з вядучых апазіцыйных парталаў Беларусі «Хартыя-97» — адмаўляюцца верыць у яго самагубства. Занадта ўжо гэта неверагодна, ды і абставіны смерці падазроныя. Алег не пакінуў ніякай запіскі і ўвогуле збіраўся з сябрамі ў кіно — пра гэта кажуць апошнія СМС. Галоўнае — у Бябеніна не было ніякіх прычынаў зводзіць рахункі з жыццём, упэўненыя тыя, хто добра ведаў журналіста. У Алега засталіся жонка і два сыны, якіх ён вельмі любіў. Зусім нядаўна яны ўсёй сям’ёй адпачывалі ў Грэцыі. Са здароўем таксама ніякіх праблемаў. Алегу Бябеніну было ўсяго 36.

«Вядома, у кожнага з нас можа быць сітуацыя, калі хочацца кінуцца з моста або залезці ў пятлю. Але калі ў чалавека застаецца сям’я, за якую ён нясе адказнасць, самагубства малаверагоднае, —
падзяліўся з „Известиями“ беларускі палітолаг Аляксандр Фядута, што некалі працаваў з Бябеніным у газеце „Імя“. — Алег заўсёды быў спакойным, стрыманым чалавекам. Версія самагубства мае такое ж права на існаванне, як і версія забойства. Следства дапусціла памылку, паспяшаўшыся агучыць адзіную версію».

Не верыць у яе і паплечнік загінулага апазіцыянера, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Раней ён абвясціў, што гатовы балатавацца ў прэзідэнты, і Бябенін павінен быў узначаліць перадвыбарчы штаб палітыка. «Мы сустракаліся кожны дзень, у нас былі вялікія планы», — паведаміў Саннікаў. Сам Бябенін распавядаў калісьці, што ў далёкім 1997-м яго выкралі невядомыя: вывезлі ў лес і пагражалі «паказаць усім, як трэба паводзіць сябе з уладамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?