Лідэр руху «За Свабоду», прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч вызначыцца са сваім удзелам у прэзідэнцкай кампаніі пасля аб’яўлення даты выбараў. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Паводле яго слоў, 8 верасня адбылося пасяджэнне рады руху. У ім удзельнічалі 16 прадстаўнікоў арганізацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

«Аляксандр Мілінкевіч у выступленні адзначыў, што падчас прэзентацыі сваёй перадвыбарнай праграмы ў маі гэтага года ён паставіў умовай свайго ўдзелу ў выбарах змены ў заканадаўства, якія б гарантавалі незалежным кандыдатам права на ўключэнне сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Гэтыя прапановы былі накіраваны ў Палату прадстаўнікоў, АБСЕ, Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ і Еўрапарламент. Аднак з ключавога органа, здольнага прыняць рашэнне па гэтым пытанні, — беларускага парламента, адказу пакуль няма», — адзначыў Губарэвіч.

У выніку радай прынята рашэнне вызначыцца з удзелам Аляксандра Мілінкевіча ў выбарах у якасці прэтэндэнта ў прэзідэнты пасля афіцыйнага прызначэння даты выбараў.

«Сітуацыя ў Беларусі мяняецца кожную хвіліну,

і ў залежнасці ад змянення сітуацыі мы будзем вырашаць, ці мэтазгодна Мілінкевічу ісці ў прэзідэнты або гэтага рабіць не варта. Сёння мы аналізуем любыя варыянты развіцця падзей, аж да адмены выбараў», — сказаў Губарэвіч.

Тым не менш, паводле яго слоў, рух «За Свабоду» будзе весці перамовы з «нацыянальна адказнымі сіламі» аб сумесных дзеяннях падчас выбарчай кампаніі. «Гэта тычыцца вылучэння назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі і вылучэння сваіх людзей у склад выбарчых камісій», — заявіў Губарэвіч.

Трэба адзначыць, што ў пасяджэнні рады руху «За Свабоду» ўдзельнічаў яшчэ адзін прэтэндэнт у прэзідэнты — Рыгор Кастусёў, які мае намер балатавацца ад Партыі БНФ. Як растлумачыў Губарэвіч, Кастусёў з’яўляецца членам рады руху «За Свабоду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?