Піша Павал Мажэйка.

 У госці да Мілінкевіча ў Бершты з'ехаліся імаверныя кандыдаты ў прэзідэнты: Алесь Міхалевіч, Юры Глушакоў ды Рыгор Кастусёў.

У госці да Мілінкевіча ў Бершты з'ехаліся імаверныя кандыдаты ў прэзідэнты: Алесь Міхалевіч, Юры Глушакоў ды Рыгор Кастусёў.

Варыянт, пры якім Аляксандр Мілінкевіч не возьме ўдзелу ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі, ёсць надзвычай дрэнным. Гэта варыянт, які азначае, што беларускія правыя, нацыянал-дэмакраты не будуць мець свайго выразнага кандыдата. Ужо толькі наяўнасць якога сведчыла б пра іх моц, еднасць і пра перспектыву той Беларусі, дзеля якой яны станавіліся апазіцыянерамі, «бээнэфаўцамі» апошнія 20 год.

Але

Мілінкевіч мае права адмовіцца балатавацца на выбарах прэзідэнта.
У яго як палітыка ёсць аргументы на карысць такога ці іншага рашэння.

Сёлета да прэзідэнцкай кампаніі нацыянальныя сілы падышлі некалькімі кволымі калонамі. Сітуацыю можна лічыць драматычнай. Пытанне стаіць нават, ці перажывуць гэтую кампанію правыя ў якасці палітычнай сілы, ці не страцяць рэшткі ўплыву не толькі на грамадства, але і ў самой апазіцыі.

І таму Аляксандр

Мілінкевіч не павінен сабе дазволіць проста заявіць пра выхад з кампаніі, падпарадкаваць гэтае рашэнне толькі інтарэсам сваёй структуры, распыліць зароблены аўтарытэт і рэйтынг. Мілінкевіч не мае права пакінуць нацыянальныя сілы без выразнага кандыдата.

Іначай гэтая кампанія можа надоўга пахаваць памкненні беларускіх правых быць сілай, здольнай абараняць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ці, прынамсі, змушаць нашы ідэалагічна стракатыя дэмакратычныя сілы займаць цвёрдую пазіцыю адносна дачыненняў з Расіяй ці еўрапейскага вектара Беларусі.

Лёс нацыянальных сілаў залежыць і ад таго, як Мілінкевіч разыграе сваю карту, што ён зробіць са сваім палітычным даробкам.
Падтрымаць усіх ці падтрымаць некалькіх — гэта не падтрымаць нікога. У сваю чаргу складанае, але лагічнае, паслядоўнае рашэнне аб перадачы свайго даробку аднаму кандыдату будзе азначаць фактычна прызначэнне адзінага кандыдата ад нацыянальных сіл. З адпаведнымі наступствамі: легітымнасцю, распазнавальнасцю, аўтарытэтам як унутрыбеларускім, так і міжнародным.

На прэзідэнцкіх выбарах мы даўно не выбіраем прэзідэнта. З гэтым неабходна лічыцца. Таму развагі, якому кандыдату ад апазіцыі аддаць перавагу: высокаму, маладому, падабаецца дзяўчатам ці не, цягне ці не цягне быць прэзідэнтам, маюць значэнне хіба толькі на семінарах па PR.

Мы выбіраем — ці захаваюць нацыянальныя сілы лідэрства ў апазіцыі і ці будуць яны здольныя ў бліжэйшай перспектыве пазмагацца за змену ўлады ў Беларусі.

Безумоўна, жадаць перамогі над Аляксандрам Лукашэнкам неабходна кожнаму апазіцыйнаму кандыдату, які ідзе сёння на выбары, незалежна, як кажуць, ад партыйнай прыналежнасці. Але нельга, каб пасля гэтых выбараў працягвалася вайнушка, каму несці сцяг прабеларускіх праеўрапейскіх правых сіл.

Мілінкевіч мае магчымасць зблізіць нацыянальныя сілы. І такім жэстам можа стаць ягоная падтрымка на выбарах Рыгора Кастусёва, кандыдата ад Партыі БНФ.

Чаму Кастусёў? Бо гэта кандыдат ад найбольш масавай, арганізаванай, зматываванай правай структуры.

Гэты палітык мае права быць на выбарах кандыдатам і надзеяй большасці тых грамадзянаў краіны, якія вызнаюць згаданыя вышэй вартасці.

Мілінкевіч будзе паслядоўным, калі са сваім досведам, з аграмадным міжнародным аўтарытэтам стане на гэтых выбарах поплеч з абсалютна новым у публічнай палітыцы Рыгорам Кастусёвым.

Па меншай меры, гэтая падтрымка верне ўзаемны давер у адносіны і зробіць дзве структуры, якія стаяць на нацыянальных пазіцыях — Рух «За Свабоду» і Партыю БНФ — саюзнікамі не толькі на бліжэйшую кампанію. А гэта ўжо база для рэальнага аб’яднання.

* * *

Павал Мажэйка — у 2005–2007 прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?