Зялёныя падлеткі мелі зь сябровачкай забаўку: у бабуліных подраных палітонах, перапэцканыя грымам, зьдзяйсьнялі вечаровыя прамэнады. Мінакоў пужалі невытлумачальнымі імправізаванымі выбрыкамі. Аднаклясьнікі з кпінамі выкрылі – засаромеліся, зачырванелі… Тады мы, зрэшты, не падазравалі, што ў сьвеце ёсьць авангард і што сучасны мастацтвазнаўскі тэрмін хэпэнінг акурат для нас.

Пра хэпэнінг і ягонага роднага брата пэрформанса

Частка першая – тэарэтычная

У Віцебску загрукацеў першы трамвай. У Віцебску нарадзіўся першы беларускі пэрформанс.

Стаяў 1988 год. Тандэм Ігара Кашкурэвіча й Людмілы Русавай сьвяткуе прынародна 110-я народзіны спадара Малевіча. Сьвяткуюць па-дзівацку, па-эпатажнаму, па-крэатыўнаму. З труны паўстае Русава ды выкрочвае белаю папяроваю сьцяжынкаю, пакідаючы чорныя сьляды.

У 1989 г. зладзіў сацыяльны пэрморманс мастак Алесь Пушкін, ды – як знаёма і блізка! – скончыў яго ў пастарунку, атрымаўшы ўрэшце рэшт два гады ўмоўна. Дзея адбывалася ў выбітную дату 25 сакавіка, угодкі ўтварэньня БНР. Алесь шпацыраваў люднай вуліцай з плякатам, на якім… перакрэсьлены сьцяг БССР!

Мітрэнгай зь міліцыянтамі скончылася на постсавецкай прасторы і яшчэ адна мастацкая падзея. Найзнакаміцейшы расеец Алег Кулік, прыкінуўшыся сабакам, злосна кусаў усіх тых, хто меў сьмеласьць дакранацца да ягонага аголенага «сабачага» цела.

Па-геройску самаахвярны пэрформанс Алеся Пушкіна, прысьвечаны полацкаму мітрапаліту Кунцэвічу, забітаму колісь ворагамі, адбыўся 12 лістапада 1994 г. Алесь бясстрашна крочыў басанож па сьнезе, падстаўляў сваё цела пад струмяні ледзяной вады ды сплавіўся ў трыюмфальным фінале па рэчцы Дзьвіне ў чоўне бязь вёслаў.

У 90-я распачынае экпэрымэнтаваць «Спэцпрыгада афрыканскіх братоў» самаўпэўненага хлопца Зьмітра Вішнёва, які найсамперш у душу грамадзкасьці запаў сваімі апэрацыямі з усё той жа труной.

Як пэрформэр засьвяціўся і Лявон Вольскі. Назавем шчэ гурт «Солнце-цветы», добры вядома сёньня клюбным тусоўшчыкам, суполкі «Бум-бам-літ», «Vita nova» і «Бэргамот», Юрася Барысевіча, Віктара Пятрова, «Тэатар псыхічнае неўраўнаважанасьці» Ільлі Сіна, Андрэя Вараб’ёва.

У 1999 годзе ў Менску ладзяцца першыя «Навінкі» – фэстываль пэрформансу ў канцы жніўня-верасьня. Дарэчы, ён адзіны такі, штогадовы, у цэлай Усходняй Эўропе!

Кідаецца ў вочы асаблівасьць айчыннага пэрмормансу: ён усяго толькі дадатак. Заходнія пэрформэры часьцяком аддаюцца яму цалкам, з вантробамі, у той час як на Беларусі у ім практыкуюцца музыкі, мастакі й літаратары.

***

Пэрморманс – від мастацтва старажытны. Зьдзіўлены? Сярод дня ў бачурцы хадзіў горадам зь ліхтарыкам Дыяген. Ды выкрыкваў: «Шукаю чалавека!» А Леанарда да Вінчы, пафарбаваўшы хлопчыка ў залаты колер, праехаўся зь ім цераз увесь горад. Вось і наракайце на глупства й бязглуздасьць авангарднага мастацтва апасьля гэткіх імёнаў!

Ды яшчэ ЎВАГА! Ня блытайце пэрформансу з акцыяй, хэпэнінгам і флэш-мобам. Акцыя мае пэўную, вельмі выразную мэту. Хэпэнінг, адрозна ад пэрформансаў, грунтуецца на імправізацыі ды адсутнасьці ўсялякае драматургіі. Флэш-моб – рэч масавая, пазбаўленая глыбокага сэнсу, трымаецца пад сакрэтам для грамадзкасьці.

Частка другая – практычная

Прасякнуўшыся міжнародным фэстывалем «Навінкі-2006», я ясна ўсьвядоміла, што шэраг пытаньняў ужо сасьпеў – вашай увазе «вію» з удзельнікамі фэстывалю – беларускай пэрформанс-суполкай «Яна-тры-ён»: Воляй Рагавой, Юрасём Ленскім і Адамам Шостакам.

Гутарым упярэмешку з жартамі трох маладых і прыгожых пэрфомэраў-веселуноў. Гутарым у багемнай Акадэміі музыкі, дзе пад высокімі столямі гуляе ў калідорах рэха, дзе партрэты Рыгорыча на сьценах. (Менавіта тут, дарэчы, і навучаецца яна – мініятурная й усебакова творчая дзяўчынка Волечка.)

Прадмова

Суполка «Яна-тры-ён» нарадзілася 15 лютага 2005 г. на літаратурнай вечарыне Барысаўскага пэдкаледжу. Чытаньне ўласных вершаў раптам ператварылася ў… Юрась насіўся па аўдыторыі, пільна ўглядаючыся ў вочы дзяўчатак. Адам, схапіўшы вазон з кветачкай, зьвярнуўся са сваёй паэзіяй менавіта да гэтай ашчасьліўленай расьліны. Ну, а Волечка канцэнтравалася не на сваім тэксьце, а на нейкім таемным «пазатэксьце».

***

– Спадарства, паводле лёгікі, мусіць быць «Яна-два-ён»!

Адам: У нас ёсьць напаўвіртуальны ўдзельнік Васіль Паўлініч. Ён мастак. Ягоную графіку разам з Волінымі працамі( Воля яшчэ і малюе! – аўт.) мы падчас выкарыстоўваем у якасьці дэкарацый.

Воля: А можа, мы яшчэ каго запросім! Ды і гучыць прыямней «Яна-тры-ён». Да таго ж у нашай суполцы і ёсьць 3 удзельніка.

Адам: Яшчэ ёсьць філязофскі падтэкст. Тры – гэта спрадвечны трохкутнік. Яна, ён, і яшчэ нехта.

– Шматлікія знакамітыя пэрформансы ўяўлялі сабою монавідовішча. Ці не ўзьнікаюць у вас якія-кольвек творчыя спрэчкі?

Ленскі: У нас ёсьць нумары якія мы робім паасобку.

Воля: Мы лепшыя сябры! І у нас вельмі здорава атрымліваецца абмяркоўваць сумесна розныя дэталі.

– Пэрморманс, у адрозьненьні ад тэатральнай пастаноўкі, ня мае мудрагелістага сюжэту. Ці часта ў вас надараюцца рэпэтыцыі?

Воля: У Адама пэрформанс кожны раз нараджаецца тут і зараз.

Ленскі: Галоўнае добра абмеркаваць, а рэпэтаваць увогуле не абавязкова.

– Якія найбольш цікавыя водгукі даводзілася чуць ад гледачоў?

Адам: У Волі сястра хоча стаць псыхіятарам. Аднойчы прыйшла на выступ. А потым смску піша: маўляў, дыягназ – нешта там паранаідальна-шызоіднае!.. Але вы не хвалюйцеся, гэта лечыцца!

Воля: Калі пачынаюць сьмяяцца, то гэта ўжо нейкі водгук! Ці бывае проста маўчаць, але па вачох бачна, што ўражвае, што быццам бы ў іншы сьвет трапляюць. А адзін мой сябар апасьля выступу аднойчы сказаў: «Ну, фігура ў цябе супэр!»

Ленскі: Каму што патрэбна!

Адам: Многім, дарэчы, мае зялёныя нагавіцы падабаюцца!

– Ня крыўдна, калі як на дурняў паглядаюць?

Адам: Ну, ня кожны ж чалавек можа ўспрымаць пэрформансы!

Ленскі: Ня хочаш, не прыходзь на выступы.

– Маладыя, натуральна, больш успрымальныя да авангарду. А як бацькі ставяцца да вашай творчасьці?

Воля: Як да бязглузьдзіцы! Толькі вучобы не кідайце.

Адам: Мае бацькі самі творчыя людзі, мастакі, таму разумеюць, што можна паблазнаваць.

Ленскі: Тата нармалёва ставіцца, а вось мама: «Няма чаго рабіць!»

А ці прыходзяць на выступы?

Ленскі і Воля: Не.

Адам: Мае, напэўна, і прыйшлі б, але яны ў іншым горадзе жывуць. Дарэчы, выступіўшы на «Навінках», мы зразумелі, што ва Эўропе гэтым займаецца і шмат людзей сталага ўзросту. У іх нават атрымліваецца ў нейкае дзяцінства граць!

Воля: Так! Калі ў нас на «Навінках» была проста сяброўская тусоўка, адна жанчына з хлопчыкам у машынкі грала!

Ці набудзе праз гадкоў гэтак пяць, як мяркуеце, пэрформанс масавасьць тэатру?

Воля: Ён становіцца ўсё болей масавым. Я размаўляла зь людзьмі, якія гады чатыры назад гэтым захапляліся. Дык такія імпрэзы ладзіліся толькі ў клюбах, дзе зьбіралася спрэс эліта, багема.

Адам: Апошнія «Навінкі» паказалі, што пэрформансам ужо шмат народу цікавіцца! Хаця невядома, можа, празь пяць гадоў што-небудзь новае з’явіцца. Зараз вельмі дынамічны сьвет.

Ці стасуецца пэрформанс зь відэаздыманьнем?

Воля: Глядач ужо ня будзе браць удзелу, ня будзе зносінаў!

Адам: Я бачыў пэрформансы «Бэргамота» на відэа: зусім ня тое! Няма той энэргетыкі.

Напрыканцы вашыя далейшыя пляны.

Ленскі: Будзем у Доме творчасьці дзяцей і моладзі ладзіць, як і раней, імпрэзы. Праз гадоў колькі-небудзь добра было б зрабіць рэдакцыю і зьбіраць вакол сябе розных паэтаў, мастакоў!

Знакам тым, нам з вамі у завяршэньні слушна выснову зрабіць, што ад пэрформансу паўкрокі і да літаратуры, і да жывапісу, і да тэатру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?