Рэктары мінскіх ВНУ адмовіліся прымаць на вучобу актывіста маладзёжнага апазіцыйнага руху Франака Вячорку.

Вячорка вучыўся за кошт бюджэту на дзённым аддзяленні факультэта журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя». У лютым 2008 года ён быў адлічаны з трэцяга курса загадам рэктара Васіля Стражава з фармулёўкай «за акадэмічную непаспяховасць». Афіцыйнай падставай для адлічэння стала нез’яўленне на два экзамены, якія Вячорка прапусціў з-за таго, што быў затрыманы міліцыяй падчас акцыі пратэсту і адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт.

Варта адзначыць, што Вячорка быў адным з лепшых студэнтаў курса: яго сярэдні бал пры адлічэнні складаў 8,7.

Восем разоў малады чалавек спрабаваў аднавіцца ў БДУ, але атрымліваў нязменную адмову. Не атрымалася яму абараніць свае правы і ў судах.

Пасля завяршэння тэрміновай ваеннай службы, улічваючы льготы пры паступленні і аднаўленні ў ВНУ, Вячорка зноў звярнуўся да рэктара БДУ з просьбай аднавіць яго на любым курсе любога факультэта. Аднак у дэканаце факультэта журналістыкі БДУ яму заявілі, што за перыяд яго службы ў войску (ад студзеня 2009 года па красавік 2010) вучэбныя праграмы ў ВНУ настолькі змяніліся, што магчымасць аднаўлення на любым курсе выключаецца.

Тады Вячорка накіраваў пісьмовы зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай забяспечыць яму рэалізацыю права на атрыманне вышэйшай адукацыі і атрымаў афіцыйны адказ, у якім паведамлялася, што яго ліст накіраваны ў БДУ. Аналагічны адказ Вячорка атрымаў з Міністэрства адукацыі.

Тады маладзёжны актывіст накіраваў лісты з просьбай аб залічэнні ў розныя ВНУ Мінска. «Ад кіраўнікоў трох ВНУ прыйшлі адмовы. Калі ў Белдзяржпедуніверсітэце мне адмовілі на падставе значнай розніцы вучэбных праграм БДПУ і БДУ, то ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці адмову матывавалі адсутнасцю месцаў, а ў Інстытуце сучасных ведаў — адсутнасцю спецыяльнасці „міжкультурныя камунікацыі“, хоць раней па тэлефоне паведамілі пра наяўнасць такой спецыяльнасці ў гэтай ВНУ», — расказаў Вячорка БелаПАН.

Адказаў з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў не было.

У гэтай сітуацыі маладзёжны актывіст накіраваў у Мінадукацыі яшчэ адзін ліст, у якім заяўляе, што яго «пазбавілі права атрымліваць вышэйшую адукацыю ў межах Беларусі». Вячорка звяртае ўвагу міністэрства на тое, што рэктары беларускіх ВНУ не толькі не спрыяюць забеспячэнню яго канстытуцыйнага права, але і ствараюць штучныя перашкоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?