У пракат выходзіць фільм Антоніа Нахара «Я таксама» (Yo, También) — глыбокая гісторыя пра такі куток грамадскай падсвядомасці, куды мы лічым за лепшае не зазіраць.

У 34-гадовага Даніэля 47 храмасом. То бок у яго сіндром Даўна, а апроч гэтага абаянне, інтэлігентнасць, пачуццё гумару, адукацыя, хобі і работа. У офісе ён знаёміцца з 46-храмасомнай дзяўчынай, у якой, адпаведна, гэтага сіндрому няма, затое ёсць сіндром «бунту на караблі»,
што складаецца з спіртнога, выпадковых сувязяў і іншых вабнотаў самотнага жыцця. Знаёміцца і адразу ж улюбляецца. Правільны Даніэль, якому ўсё даецца не адразу, і няправільная Лаура, якая гэтае «ўсё» гатовая паслаць далёка. Сімбіёз гэтых двух персанажаў як бач скончыцца хэпі-эндам, трыумфам сацыяльнай справядлівасці і гімнам талерантнасці. Але штосьці ўвесь час замінае рэжысёру расставіць клічнікі і апраўдаць назву фільма, змайстраваўшы калядны дыялог (— я кахаю цябе /— я таксама).

Гэтае штосьці прынята называць аб’ектыўнай рэчаіснасцю.

У рэчаіснасці, што пачалася словамі «які мііілы», прыняўшы чалавека з сіндромам Даўна за падлетка, даволі складана ўбачыць у кемлівым Даніэле мужчыну. Сябра, анёла, таварыша, брата — гэта калі ласка. А мужчыну — гэта вам не грошы ў дабрачынны фонд аддаваць.
На Захадзе па рэабілітацыі «асаблівых» людзей, будзь то людзі з ЗПР (затрымка псіхічнага развіцця) ці то аўтысты, ужо даўно праехаў медыятанк. Галівудскія цяжкавагавікі накшталт «Форэста Гампа» і «Чалавека дажджу», россыпы фестывальных фільмаў, абмеркаванне ў медыях, дабрачыннасць ператварылі любое адхіленне ад зычлівай усмешкі ў табу. Спецыяльныя курсы — так, работа — так, клопат — канечне, грошы — не пытанне. Іншая справа, калі вядзецца не пра ўбудоўванне ў сістэму грамадства «асаблівых» людзей, а пра іх непасрэдны ўдзел у рэальным жыцці.
Заслуга Антоніа Нахара ў тым, што ён змясціў тэму нестандартных людзей у такі куток грамадскай падсвядомасці, куды мы лічым за лепшае не зазіраць.

Уласна туды, дзе фармуюцца чалавечыя Нормы. Рэжысёр робіць Даніэля падкрэслена звычайным: інстытут, работа, басейн, трэнажоры, футбол з сябрамі на выходных.

Даўн-Даніэль не жадае быць асаблівым — генераваць дзесяціскладовыя лічбы альбо геніяльна граць на фартэпіяна, ён хоча быць нармальным — знайсці дзяўчыну і стварыць сям’ю. «Ды я сам завязваю сабе шнуркі з 10 гадоў», — кажа галоўны герой сваёй каханай,
якая кожны раз спрабуе дапамагчы свайму «асабліваму» сябру.

Па сутнасці, рэжысёр далікатна намякае, што вышэйшая форма цярпімасці — дапусціць іх у свет Нормы, зразумець як Норму — застаецца нават для такога прасунутага грамадства недасяжнай.

У гэтым плане

«Я таксама» прыходзіць да таго ссоўвання акцэнтаў, да якога ўжо прыйшлі праблемныя фільмы пра гомасексуалістаў. Што гомасексуаліст можа быць паэтам, музыкам і мастаком — грамадства ўжо вывучыла, а ці можа ён быць бацькам — яшчэ сумняецца.

Прапрацаваўшы тэму «асаблівасці», кінематаграфісты пачалі распрацоўваць тэму «нармальнасці», і вось у гэтых дрымучых краях да сённяшніх часоў можна сустрэць істотаў з трыма галовамі і лятаючых веліканаў чалавечай неафобіі. Таму што кансерватызм на самым побытавым узроўні, прыпудраны дабрачыннасцю, ужо дазваляе не тыкаць у «асаблівага» чалавека пальцам, але яшчэ не дазваляе не адводзіць ад яго вачэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?