Павел Няхайчык у двубоі з Марсэлісам, daylife.com

Павел Няхайчык у двубоі з Марсэлісам, daylife.com

Пасля гульні абодва трэнеры сышліся ў меркаванні, што БАТЭ вечарам 30 верасня паказаў фантастычны футбол.

Шкада толькі, што не так многа людзей на стадыёне змагло падзяліць трыумф барысаўчан. Цяжка сказаць, што таму віна: позні пачатак матчу, не самае цёплае надвор’е ці праца міліцыі, але трыбуны былі зусім не запоўненымі. Што ж, злуйце цяпер самі на сябе, што не пайшлі на стадыён.

А паглядзець было на што.

Злавіў сябе на думцы, што ўпершыню ў групавых раўндах еўратурніраў БАТЭ меў настолькі істотную перавагу ў гульні. Такой упэўненасці ў сваіх дзеяннях не было яшчэ ніколі. Не ўзнікала ніводнага сумневу, што пераможам.

Зрэшты, гульня для беларусаў пачалася феерычна. Навес бразільца Брэсана галавой замкнуў Віталь Радзівонаў. Колькі ўжо крытычных стрэлаў апошнім часам было выпушчана ў адрас гэтага форварда. Сапраўды, Радзівонаў шмат не забіў, але як стараецца, як змагаецца за кожны мяч. І вось узнагарода за настырнасць.

А потым быў пенальці на васямнаццатай хвіліне. Біць яго ўзяўся Арцём Канцавы. Аднак выйшла неяк ну зусім бясхітрасна. Варатару АЗ не склала праблем справіцца з ударам.

Няўдача барысаўцаў не надламіла. Яны настойліва працягвалі гнуць сваю лінію далей. Было шмат трапных удараў, але варатар супернікаў даваў ім рады.

Толькі напрыканцы першага тайму галандцы змаглі агрызнуцца некалькімі атакамі.

Ну, а другі тайм БАТЭ зноў пачаў з голу. Цудоўны флангавы праход малайчыны Няхайчыка замкнуў Арцём Канцавы. выправіўся за незабіты пенальці.

Ну, а потым цягнуць адзінаццаціметровы давялося ўжо Сяргею Верамко. Жанатас, як і два тыдні таму Арцём Мілеўскі, не змог перахітрыць беларуса. Брава, Верамко!

Калі вы думаеце, што кіпрыёт на гэтым спыніўся прызначаць пенальці, то памыляецеся. За знос Радзівонава пенальці пайшоў біць Брэсан. У бразільца атрымалася ямчэй, чым у Канцавога — 3:0.

А літаральна праз 4 хвілін Эдгар Аляхновіч падсцярог адскок за межамі штрафной. Ягоны гол быў ці не самым прыгожым у матчы. Пасля гэтага трыбуны дружна гукалі: «Малайцы».

Напрыканцы гульні ісландзец Сігтарсан усё ж змог размачыць нашы вароты. Тым не менш, гэта ўжо нікога не расстроіла. БАТЭ паказаў фантастычную гульню.

* * *

Сёння ў Тыраспалі «Шэрыф», які ачольвае беларускі спецыяліст Андрэй Сасніцкі, выйграў у кіеўскага «Дынама» — 2:0

(Ярохін, 8, Джымі Франка, 37-я).

І БАТЭ выходзіць у лідэры групы «Е»!

Пасля 2-х тураў: БАТЭ — 4 балы (1 перамога, 1 нічыя, 0 паразаў, розніца мячоў: 6–3), AZ — 3 (1, 0, 1, 3–5), Шэрыф — 3 (1, 0, 1, 3–2), Дынама Кіеў — 1 (0, 1, 1, 2–4).

* * *

БАТЭ: Верамко, Сасноўскі (Радзькоў, 46-я), Шытаў, Юрэвіч, Канцавы (Бага, 79-я), Валадзько, Брэсан (Скавыш, 83-я), Няхайчык, Бардачоў, Радзівонаў, Аляхновіч.

AZ: Сэрхіа Рамэра, Марсэліс, Эктар Марэна, Схаарс, Жанатас, Клаван, Вернблоом (ван дэр Фельдэн, 78-я), Гудмундсан (Холмэн, 68-я), Сігартсан, Эльм, Майсандэр (Яленс, 83-я).

Папярэджанні: Рамэра (18-я), Сасноўскі (40-я), Радзькоў (58-я), Радзівонаў (90-я).

21 кастрычніка БАТЭ згуляе ў Тыраспалі з «Шэрыфам», 4 лістапада каманды сустрэнуцца ў Мінску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?