Крызіс у беларуска-расейскіх адносінах паглыбляецца. Беларуская адміністрацыя лічыць учорашнія выказваньні прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна «ўльтыматыўнымі» і «далёкімі ад сяброўскіх і саюзьніцкіх адносінаў».

«Улічваючы тон і абраную форму выкладаньня свайго стаўленьня да пэрспэктываў «саюзнага будаўніцтва», можна сказаць, што выказваньні Ўладзімера Пуціна носяць ультыматыўны характар», – заявіў быў у сераду галава камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпекі «рады рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Беларусі Мікалай Чаргінец. Ён адзначыў, што ў адказ на гэтыя выказваньні Беларусь можа «разгледзець пытаньне пра далейшае знаходжаньне расейскіх вайсковых аб’ектаў на сваёй тэрыторыі».

Чаргінец адзначыў, што раней прэзыдэнт Расеі ўжо быў выступаў з заявамі наконт будаўніцтва «саюзнае дзяржавы», «прапаноўваючы Беларусі ўвайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі, што сталася крокам непавагі да сувэрэнітэту Беларусі».

«Другім крокам колькі год таму было адлучэньне падачаў газу ў рэспубліку. І вось новая заява, якая сьведчыць аб тым, што расейскае кіраўніцтва ня вельмі зацікаўленае ў «саюзнай дзяржаве», – сказаў Чаргінец.

Як ён уважае, «праблемы з пастаўкамі на расейскі рынак беларускіх тавараў, фармаваньнем цаны на расейскі газ, мажлівае абмежаваньне паставак нафты знаходзяцца ў рэчышчы фактычна разьвязанай на сёньня гандлёвай вайны Расеі проці Беларусі».

«Такія дзеі далёкія ад саюзьніцкіх і сяброўскіх узаемінаў», – адзначыў парлямэнтар.

«Калі нам трымацца такой самай пазыцыі, якую дэманструе сёньня Расея, дык, можа, Беларусі сьлед было б разгледзець пытаньне пра далейшае знаходжаньне расейскіх вайсковых аб’ектаў на сваёй тэрыторыі», – дадаў беларускі парлямэнтар.

У той самы час ён заклікае ўспрымаць гэтыя заявы «спакойна, пакідаць месца для манэўру і не заганяць адно аднаго ў кут».

«Але, зь іншага боку, пазыцыя расейскага кіраўніцтва пануджае Беларусь вырахоўваць розныя варыянты ў пытаньнях захаваньня свайго сувэрэнітэту і эканамічнай бясьпекі», – сказаў Чаргінец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?