Лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч стаў ляўрэатам узнагароды Эўрапарлямэнту – прэміі імя Сахарава за 2006 г. Пра гэта вядзецца ў прэс-рэлізе дэпутатаў.
Сп.Мілінкевіч быў супернікам Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, што адбыліся ў сакавіку. Яго арыштавалі на 15 сутак за пратэсты проці афіцыйных вынікаў выбараў.
Цырымонія ўручэньня прэміі «За свабоду думкі» мае адбыцца на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту ў сьнежні ў Страсбургу. Намінантамі прэміі таксама былі колішняя кандыдатка ў прэзыдэнты Калюмбіі Інгрыд Бэтанкур, якая ўжо пяты год знаходзіцца ў закладніках у калюмбійскіх паўстанцаў, і лібанскі журналіст і дыплямат Гасан Туені.
Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі» была ўстаноўлена Эўрапарлямэнтам у 1988 г. і прысуджаецца штогод за «дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека і ягоных асноўных свабод, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства і разьвіцьцё дэмакратыі».
Паводле www.gazeta.ru
Грашовы вымер прэміі складае 50 000 эўра. Прэмія, акрамя іншага, забясьпечыць фінансавую незалежнасьць лідэра Свабоднай Беларусі.
?
«Наша Ніва» першай паведаміла Аляксандру Мілінкевічу пра ўзнагароду:
А.М.: У першую чаргу трэба падкрэсьліць, што гэта знак падтрымкі не Мілінкевічу, а грамадзянскай супольнасьці, што прадэманстравала сваю моц і імкненьне да свабоды ўвесну, нягледзячы на шматлікія рэпрэсіі і ўціск.
Быў момант, калі пачалі гаварыць, што губляецца ўвага да Беларусі з боку Эўропы і астатняга сьвету. Гэта ня так! Гэтай узнагародай Эўропа пацьвердзіла сваю цікавасьць да Беларусі.
Ёсьць меркаваньне, што ЭЗ вызнае прагматычную палітыку. Гэта таксама не зусім слушна, бо ў дадзеным выпадку ён прагаласаваў за маральную і дэмакратычную палітыку. Гэта значыць, што Эўропа па-ранейшаму чакае нас, але як дэмакратычную дзяржаву.
Вельмі дзякуем эўрапейцам за іхнюю ўвагу да Беларусі.





