Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падзялілася з журналістамі вынікамі этапу збору подпісаў патэнцыйнымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта.

Някляеў і Саннікаў у лідарах

Па яе словах, неабходныя сто тысяч у ЦВК здалі адзінаццаць кандыдатаў. «У мяне язык не паварочваецца сказаць, што прэтэндэнты сабралі подпісы, таму я і кажу, што здалі», — кажа Л.Ярмошына.

«Нават пры першасным аглядзе кідаецца ў вочы шматлікія парушэнні», — працягвае кіраўніца выбаркаму. Найперш яна кажа, што некаторыя кандыдаты падавалі не арыгінальныя подпісы, а ксеракопіі, што забаронена. Хто менавіта з кандыдатаў рабіў так, спн.Ярмошына не адказала.

Праверка падпісных лістоў будзе праходзіць да 8 лістапада.

Калі браць дакладныя лічбы па кожнаму з кандыдатаў, то яны выглядаюць наступным чынам:

Аляксандр Лукашэнка — 1 113 014 подпісаў;

Уладзімір Някляеў — 161 824;

Андрэй Саннікаў — 150 168;

Яраслаў Раманчук — 128 699;

Віктар Цярэшчанка — 122 520;

Алесь Міхалевіч — 120 531;

Мікола Статкевіч — 117 989;

Дзмітрый Ус — 110 753;

Уладзімір Правальскі — 109 338;

Рыгор Кастусёў — 107 083;

Віталь Рымашэўскі — 105 318.

Цікава, што прадпрымальнік Уладзімір Правальскі сабраў усе свае подпісы на тэрыторыі аднаго раёну — Першамайскага ў Віцебску. Агулам там выбарцаў 115 тысяч. Толькі 6 тысяч не падпісалі.

Лідзія Ярмошына кажа, што рэкордную колькасць зарэгістраваных кандыдатаў не трэба выключаць. «Падыход будзе законным. На хлусню вочы заплюшчваць не будзем», — кажа старшыня ЦВК.

Што можна БРСМ, партыям нельга

Скончылася вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіі. Іх было сфарміравана 6390. Для працы ў іх падало заявы 83 960 чалавек.

Ярмошына кажа, што задаволіць усе заяўкі, натуральна, будзе немагчыма. На гэта карэспандэнт радыё «Свабода» Уладзімір Глод зазначыў, што як тады можна на 100% уключаць усіх вылучэнцаў ад БРСМ, як было зроблена пры фармаванні тэрытарыяльных камісіі.

Ярмошына не разгубілася: «Значыць, людзей добрых вылучылі».
На думку Ярмошынай, у любым выпадку вырашаць гэта будуць мясцовыя ўлады. «Важным з’яўляецца наколькі гэтыя людзі здольныя працаваць у камандзе. А многія апазіцыянеры не могуць існаваць у калектыве».

Сярод партый найбольшую колькасць вылучэнцаў зрабіла Камуністычная партыя — 700 чалавек. З апазіцыйных — АГП, 505.

Ад прафсаюзаў вылучана 10 тысяч прадстаўнікоў, ад «Белай Русі» — 4 300.

Празрыстых скрыняў не будзе

Місію АБСЕ зноў узначаліць пасол Герт Арэнс. Нямецкі дыпламат ужо працаваў на выбарах у Беларусі ў 2006 і 2008. Тыя выбары былі прызнаныя несвабоднымі. Місія АБСЕ фіксавала шматлікія парушэнні.

Зараз пры ўчастках акрэдытавана 388 назіральнікаў. Ад наступнага тыдня працу ў краіне пачне місія АБСЕ.

Цікава, што місію СНД па Магілёўскай вобласці ўзначальвае Юры Кулакоўскі. Цікава, што гэты чалавек быў дэпутатам лукашэнкаўскай палаты прадстаўнікоў.

Ярмошына кажа, што гэта не супярэчыць дзейнаму заканадаўству.

А вось дэбаты ў жывым эфіры ўсё ж не плануюцца. Старшыня ЦВК кажа, што ніводзін з кандыдатаў з падобнай прапановай не выходзіў.

Што датычыць празрыстых скрыняў, якія прапаноўваў кандыдат Уладзімір Някляеў, то прымаць іх не будуць. «Падчас выбараў не можа аказвацца гуманітарнага дапамога з‑за мяжы», — кажа Ярмошына.

Тым не менш, яна кажа, што ёсць рэкамендацыя на ўчастках, дзе набываецца новы рыштунак, купляць менавіта празрыстыя скрыні. У Мінску, па яе словах, такіх участкаў досыць шмат.

А што тычыцца словаў Мікалая Лазавіка аб прыёме скрыняў ад Някляева, то адказ быў: «Ён, напэўна, проста пажартаваў».

«Паказанні Казлова — старая правакацыя»

Былі закранутыя скандальныя паказанні падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова. Ён сцвярджаў пра фальсіфікацыі на адным з мінскіх участкаў падчас парламенцкіх выбараў 2008.

«Да нас ніхто па факце гэтай публікацыі не звяртаўся. Гэтая публікацыя — старая правакацыя. Паднятая, бо не было ніякіх іншых тэмаў», — сказала Ярмошына.

Яна зазначыла, што гэты выпадак не ўвайшоў у выніковую справаздачу місіі АБСЕ, а сам Анатоль Лябедзька таксама не вельмі чапляўся за яго, што паказальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?