У панядзелак атрымаў ад рэдактара наступнае «мыла»: «каровы-ўцякачкі – Вам тэма на гэты тыдзень».

Мяркую, яго прачыталі і кампэтэнтныя органы.

Па факце перахопленага чэкістамі электроннага ліста ў Чырвоным доме сабраўся сынэдрыён самых высокіх саноўнікаў.

– Ёсьць апэратыўная інфармацыя, што «НН» зьбіраецца запусьціць мульку наконт тых кароў-перабежчыц, – пачаў бы нараду Ністатэнебыл (скарот ад: ніякага сталінскага тэрору не было) Эдмундавіч.

– Гэта сур’ёзная правакацыя, – рэагуе дырэктар МЗС сп.Шматвектарны, – атрымліваецца, што нават траваедныя бягуць ад рэформы вёскі. Што ўжо казаць аб гома-сапіенсах.

– Спакуха, ня ўсё страчана, – у размову ўступае сп.Падпрапагандысцкі, – «Наша Ніва» выходзіць у пятніцу, і ў Саўбелцы за чацьвер мы пасьпеем давесьці, што ўсе жартачкі гэтага... Ушкіна – абсалютная праўда. Такім чынам, галоўнае апазыцыйнае выданьне стане дэ факта нашым рупарам.

Усе прысутныя: «супэр, клясна, ваў!!!»

Падпрапагандысцкі працягвае:

– Трэба простым аналітычным шляхам вылічыць, з чаго можа сьцябацца гэны, як там яго, Пушкін. Я кажу вам, спадар Беларусь-сягоньняшні, хопіць зырыць у акно на фанатак «N.R.M.», якія тусуюцца на месцы палатачнага мястэчка.

– Прабачце. Якія будуць вэрсіі?

Хвіліна маўчаньня, падчас якой чуваць, як у суседнім пакоі нехта гундосным голасам енчыць у тэлефон:

– Калі «Віцязь» ня выйдзе на рынак Габону, я зь цябе асабіста тэлепузіка зраблю, зразумеў?..

Пры апошніх словах усе здрыгануліся.

– Ну, натуральна, апазыцыя можа прыкалоцца з таго, што пастух быў сябром «Маладога фронту» і наўмысна пагнаў статак за кардон, – пачынае прэм’ер Узрост Вэвэпоўскі.

– О’кэй, – прафэсійна рэагуе сп.Беларусь-сягоньняшні. – Мы выйдзем з артыкулам пад загалоўкам «Воўк у каровінай скуры» аб тым, што той калгасьнік быў ня проста сябрам Севярынца, але яшчэ і кляпаў антыбацькаўскія мульты на сваім сайце.

– А мы на яго пачэпім выбухі ў Віцебску і ўсе сэксуальныя вычварэньні апошніх гадоў гэтак за пяць. Пакуль каровы пасьвіліся, ён мог спакойна і з тым жа латышом пазажыгаць, – кажа Ністатэнебыл Эдмундавіч.

Падпрапагандысцкі:

– Яны, напэўна, будуць намагацца правесьці паралель паміж Вікай Мароз і каровамі. І яе, і тых гвалтоўна павярнулі на радзіму.

– О’кэй. Другі матэрыял на паласе – «Польскі бык хацеў насуперак міжнароднаму праву пакінуць усіх непаўналетніх беларускіх цялушак сабе, аднак наша дыпляматыя сказала сваё важкае слова».

– Відавочна, пройдуцца па патэнцыі нашых быкоў.

– Не пытаньне: будзе інтэрвію з польскім дэпутатам, сябрам Самаабароны, які, наведаўшы Беларусь, быў уражаны памерамі... нашых быкоў.

На гэтым паседжаньне заканчваецца.

Ягоныя ўдзельнікі ня ведаюць, што прем’ер, якому сьвеціць адстаўка за сытуацыю на тытунёвым рынку, ужо рыхтуе сябе ў новыя Казуліны.

Таму сакрэтна працуе з апазыцыяй і, натуральна, зьліў «адмарозкам» усю стэнаграму нарады.

У пятніцу фэльетаніст «НН» пасьцябаўся з таго, што нелегальны пераход кароваў быў адмысловай апэрацыяй выведнікаў. Выведка адпрацоўвала тактыку, як разьвіць айчынную жывёлагадоўлю за кошт замежных бугаёў-вытворнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0