Подумаешь – ну, президент,

ну, соединенных штатов.

А все-таки – ведь Президент

Соединенных Штатов!

Дзьмітры Прыгаў

Ня колай адзінай

У найноўшай гісторыі нямала перакрыжаваньняў, хоць часам і невідавочных, між Беларусяй і ЗША. Два амэрыканскія прэзыдэнты – Рычард Ніксан на пачатку 1970-х (на шляху з Масквы ён наведаў Менск, а таксама Хатынь) і Біл Клінтан пры канцы 1990-х былі ў Беларусі. Пра візыт Клінтана нагадвае памятная лаўка ў Курапатах.

Зь Беларусяй зьвязана імя яшчэ аднаго прэзыдэнта – Джона Кенэдзі. У Менску доўгі час жыў будучы забойца прэзыдэнта Лі Гарві Освальд, які ажаніўся быў на беларусцы. Нямала менчукоў любяць успамінаць, як пры канцы 1950-х пілі з Освальдам гарэлку. З кожным годам «субутэльнікаў» робіцца больш – паводле тае самае заканамернасьці, аналягічна зь якой у Менску павялічваецца колькасьць вэтэранаў Другой сусьветнай вайны.

Былі й культурніцкія падзеі, што пакінулі сьлед у жыцьці менчукоў. Згадаю канцэрт аркестра Д’юка Элінгтана ў менскім Палацы спорту, выставу архітэктуры ЗША, на якую выстройваліся кілямэтровыя чэргі і пасьля якой галоўным клопатам менскіх настаўнікаў і выкладчыкаў зрабілася адбіраць у юнакоў значкі з выявай амэрыканскага сьцяга – іх дарылі ўсім наведнікам. Нельга не згадаць і выставы «Мастацтва ЗША ХХ ст.» і «Амэрыканскі жывапіс XVIII–XIX ст.». На першай шмат людзей упершыню ў жыцьці ўбачылі сапраўдны поп-арт, культавыя работы Эндзі Ўоргала, сярод якіх – знакаміты «размножаны» партрэт Мэрлін Манро.

Ну а развагі пра ўплыў блюзу й рок-н-ролу на некалькі пакаленьняў беларускай інтэлігенцыі можна ўвогуле апусьціць.

Тым ня менш, дазволю сабе сьцьвярджаць, што ў сьвядомасьці мільёнаў беларусаў ЗША асацыююцца найперш з каўбоем Мальбара, кока-колай і страўнямі «Макдоналдс» (карпарацыі, якая насамрэч мае штаб-кватэру ў Канадзе), чым з Джымі Хэндрыксам, Джэніс Джоплін і Джымам Морысанам.

БТ, якое штодня прысьвячае найбольшую колькасьць замежных сюжэтаў менавіта ЗША – прычым выразна нэгатыўных і адначасова прымітыўных, – рэгулярна дэманструе амэрыканскія фільмы.

Канешне, фармаваць меркаваньне аб жыцьці ў ЗША на падставе галівудзкіх фільмаў настолькі ж плённы занятак, як спрабаваць атрымаць зьвесткі аб рэаліях савецкага жыцьця зь фільму «Сьветлы шлях».

Пальму першынства ў фармаваньні «глянцавага» іміджу Амэрыкі сьлед аддаць самім амэрыканцам, то бок амэрыканскай рэкляме.

Так званыя сымбалі амэрыканскага ладу жыцьця кшталту гамбургераў і колы выкарыстоўваюцца антыамэрыканістамі рознага кшталту – ад дэпутата Касьцяна да беларускіх анархістаў – у якасьці доказаў бездухоўнасьці Захаду і праяваў імпэрыялізму й глябалізму. А звычайныя беларускія грамадзяне, выхаваныя на штампах антыамэрыканскае прапаганды, спакойна спажываюць кока-колу й хот-догі, носяць джынсы, езьдзяць на «фордах», глядзяць галівудзкія фільмы.

ЗША? Дзе гэта?

Адзін хлапчук у электронным ліставаньні са сваім новым знаёмцам у Сеціве – амэрыканцам – жартам запытаўся: «Ты жывеш у ЗША? А дзе гэта?» (Перад тым амэрыканскі юнак пацікавіўся, дзе знаходзіцца Беларусь.) Амэрыканец быў шакаваны. Ён ня ведаў, як адказаць.

Ня толькі абсалютная большасьць амэрыканцаў ня ведае, дзе Беларусь, але й пераважная большасьць беларусаў цьмяна ўяўляюць, што такое Злучаныя Штаты Амэрыкі, колькі там штатаў і хто быў прэзыдэнтам да Буша-малодшага. Усеагульная неадукаванасьць, нягледзячы на існаваньне інтэрнэт-энцыкляпэдыяў, пашыраная ва ўсім сьвеце, і яе трэба прызнаць натуральнай.

Толькі невялікая колькасьць інтэлектуалаў у Беларусі чыталі Фолкнэра, Гэмінгўэя, Гінзбэрга. Яшчэ менш людзей чыталі іх у арыгінале. Яшчэ менш амэрыканцаў чыталі ці хаця б чулі пра Быкава, Барадуліна, Разанава.

Ёсьць і выняткі. Былы пасол Джордж Крол стаў, бадай, першым амэрыканскім дыпляматам, які ня толькі на словах палюбіў Беларусь і беларускую мову, але і пачаў ёю карыстацца.

У ЗША, дзякуючы некалькім хвалям эміграцыі ў ХІХ–ХХ ст., апынулася шмат нашых суайчыньнікаў. Але малая частка эмігрантаў імкнулася захаваць памяць пра беларускія карані. Знакаміты кампазытар Ісая Бэрлін, аўтар нефармальнага амэрыканскага гімну «Божа, блаславі Амэрыку», нарадзіўся пад Менскам. Ні для яго самога, ні для мільёнаў амэрыканцаў гэты факт ня меў і ня мае значэньня.

Толькі адна хваля эміграцыі – Другой сусьветнай вайны – прывяла да зьяўленьня ў ЗША дыяспары. Даволі малалікай і разьяднанай у параўнаньні зь іншымі, але дыяспары, у якой захоўваюцца мова і вернасьць беларускім традыцыям. Усе, хто прыяжджаў у Штаты да таго ці пазьней рана ці позна інтэграваліся ў амэрыканскае грамадзтва, перастаючы адчуваць сваю прыналежнасьць да сваёй нацыі. Што й ня дзіва, улічваючы нізкі ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці на радзіме.

Выключэньнем стаў Зянон Пазьняк, які ня змог ці не схацеў упісацца ў амэрыканскую дыяспару або заняць ў ЗША адмысловую нішу, накшталт той, якую здолеў заняць «вэрмонцкі пустэльнік» Салжаніцын.

Праўда, апошнім часам, з разьвіцьцём Інтэрнэту, сытуацыя перайначваецца, нямала беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў ЗША (і маюць намер там застацца), удзельнічаюць у беларускіх форумах, цікавяцца палітычным і культурным жыцьцём Беларусі, ствараюць беларускамоўныя сайты.

Але гэта сытуацыі кардынальна не зьмяняе.

Як ігнараваць Гольфстрым

Беларускае грамадзтва мала ведае аб заходнім у цэлым і грамадзтве ЗША ў прыватнасьці. БТ паказвае Буша, вайну ў Іраку, тэракты ў Аўганістане, гвалт у амэрыканскіх школах, пікеты ля Белага дому...

Дый кадры разгону мітынгаў, зьбіваньня мірных грамадзянаў на вуліцах, твар А.Лукашэнкі, якія нярэдка паказваюць CNN ці іншыя інфармацыйныя каналы на Захадзе, яшчэ не даюць, мякка кажучы, поўнага ўяўленьня пра Беларусь.

І калі б Беларусь зусім зьнікла з экранаў, як гэта ні сумна, мала хто ў ЗША заўважыў бы зьнікненьне. Уявіць сабе, што з экранаў беларускіх, расейскіх ці якіх заўгодна тэлеканалаў зьніклі паведамленьні аб ЗША, немагчыма. Гэта тое самае, што ігнараваць існаваньне надвор’я. Можна не задумвацца кожны дзень пра Атлянтычны акіян. Але ж немагчыма ня ўлічваць існаваньня Гольфстрыму, які нясе цыклёны ў Беларусь. Гэтаксама Беларусь ня можа ігнараваць палітыкі і ўплыву ЗША ў сьвеце.

Між тым, складваецца ўражаньне, што менавіта гэтым беспэрспэктыўным заняткам цягам апошніх дзесяці гадоў займаецца кіраўніцтва Беларусі. Калі няма як заваяваць прыязнасьці Белага дому, калі ЗША займаюць найбольш цьвёрдую і пасьлядоўную пазыцыю з усіх заходніх краінаў у дачыненьні да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі – значыць, трэба давесьці, што беларускаму кіраўніцтву не патрэбныя міралюбныя ці хоць бы нармальныя партнэрскія дачыненьні з Амэрыкай. Што можна стварыць нейкі мітычны шматпалярны сьвет, наладзіць узаеміны з краінамі трэцяга сьвету – з ПАР, ці Вэнэсуэлай, з Расеяй, Кітаем асобнымі краінамі Захаду нават, але толькі не з ЗША. Але не засталося ніводнай краіны, якую б ізаляцыянісцкую пазыцыю яна ні займала, якой не давялося б рана ці позна вызначацца ў стаўленьні да Амэрыкі. І не таму, што ЗША навязваюць свой шлях разьвіцьця астатнім. Проста Злучаныя Штаты застаюцца і ў пэрспэктыве яшчэ доўга будуць заставацца найбольш магутнай, даміноўнай дзяржавай у сьвеце – і ў эканамічным, і ў ваенна-стратэгічным, і, самае галоўнае, у інтэлектуальным сэнсе. Тое, што восемдзесят, а то й больш адсоткаў нобэлеўскіх прэміяў у навуцы штогод дастаюцца грамадзянам ЗША – усяго толькі канстатацыя гэтага факту.

Аднак гэта не азначае, што й беларускія палітыкі мусяць абмежавацца канстатацыяй статус-кво. На жаль, узаеміны паміж Вашынгтонам і Менскам нагадваюць вуліцу з аднабаковым рухам. І каб жа гэта тычыла толькі афіцыйных дачыненьняў. Урад ЗША, Кангрэс прымаюць дакумэнты і заявы ў падтрымку дэмакратыі і дэмакратычных партыяў, іх лідэраў, у абарону палітвязьняў. А што ў адказ? Справа ня ў тым, што апазыцыйныя палітыкі абавязаныя падтрымліваць палітыку Вашынгтону ва ўсіх пытаньнях. Ніхто ад іх гэтага й не чакае. Але й звычайна ўхвалы заяваў дзярждэпу замала. Яснай стратэгіі, бачаньня рэальных палітычных пэрспэктываў на будучыню, аналізу сытуацыі ўнутры краіны даўно чакаюць ад апазыцыі. І ня толькі прыхільная да яе частка электарату, але й дэмакратычныя ўрады Захаду. Найперш, урад ЗША, які, адрозна ад шмат якіх іншых урадаў, ужо не аднойчы засьведчыў сваю неабыякавасьць да лёсу Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0