«Як жа завуць нашага новага калегу? А хто спяваў тую песню, якая мне так падабалася ўлетку? Што ж я хацела сказаць сяброўцы?» Калі перыядычна вы задаеце сабе падобныя пытанні, значыць, вы не па чутках ведаеце, што такое няпамятлівасць.

Забыванне — гэта натуральны працэс, які адбываецца ў нашай памяці нароўні з запамінаннем і ўзнаўленнем. Як правіла, забываецца ў асноўным тое, што не мае для чалавека асаблівага значэння, не выклікае цікавасці або не адпавядае яго запатрабаванням. Хутка і лёгка забываецца тое, што чалавек з цяжкасцю запамінае. Гэта можа быць новая і цяжкая інфармацыя альбо звесткі, якія нам нецікавыя і якімі мы не карыстаемся ў звычайным жыцці.

Некаторыя псіхолагі тлумачаць няпамятлівасць яшчэ і рытмам сучасных гарадоў, які часта прыводзіць да стрэсаў, недахопу сну і адпачынку.

Жаночая памяць адрозніваецца ад мужчынскай, таму мужчыны і жанчыны забываюць розныя рэчы. Жанчыны часцей не памятаюць інфармацыю, якая пазбаўлена эмоцый і пачуццяў, у той час як мужчыны забываюць эмацыйна яркія моманты.

Жанчыны часцей пакутуюць ад прыступу няпамятлівасці, і звязана гэта з большымі, чым у мужчын, эмацыйнымі ваганнямі.

Няпамятлівым людзям даводзіцца нагадваць пра дамоўленасці. Ролю «напамінальнікаў» могуць сыграць СМС, званкі, запіскі на бачным месцы. Калі вы збіраецеся сустрэцца з чалавекам дзесьці на вуліцы, некалькі разоў прагаварыце месца і час сустрэчы і ў завяршэнне гутаркі папрасіце свайго суразмоўцу паўтарыць уголас усе каардынаты. Можна таксама спытаць, калі і як ён будзе туды дабірацца. Гэта дазволіць яму скласці адзіны малюнак: у колькі ён выходзіць, як ідзе, і такім чынам ён запомніць, дзе і ў колькі з вамі сустракаецца.

Самы дзейсны спосаб памятаць пра важныя справы — запісваць іх у нататнік.

Можна адзначаць у ім выкананыя справы. Вельмі важна планаваць свой дзень: гэта дазволіць асацыяваць вызначаную справу з вызначаным прамежкам часу.

***

Калі няпамятлівасць не звязана з рознымі захворваннямі, чалавек здольны з ёй справіцца. Трэба трэніраваць памяць.
Паспрабуйце перад сном успомніць увесь пражыты дзень, гадзіна за гадзінай. Імкніцеся аднавіць у памяці кожную дробязь: кожную падзею і кожнае дзеянне, сваё і тых, з кім вы мелі зносіны, каго бачылі. Паспрабуйце ўспомніць імёны людзей, нумары тэлефонаў, словы (вашы і суразмоўцаў). Такая трэніроўка спрыяльна адаб’ецца на працэсах памяці.

Калі вы часта забываеце штосьці важнае дома, вазьміце за правіла збіраць усё неабходнае з вечара. Альбо адразу ж складайце рэчы ў сумку, альбо проста складайце спіс, па якім будзеце збірацца раніцай. Калі вы пастаянна губляеце адзін і той жа прадмет (парасон, пальчаткі, акуляры, сотавы), стварыце якую-небудзь асацыяцыю паміж выхадам з памяшкання і тым прадметам, які вы часцей за ўсё забываеце.

Напрыклад, калі вы рэгулярна губляеце пальчаткі, стварыце сабе такі ланцужок асацыяцый: я выходжу з пакоя — дакранаюся да дзвярной ручкі — думаю пра тое, што на ёй шмат бактэрый і што да яе можна дакранацца толькі ў пальчатках, — правяраю, ці ўзяла я пальчаткі. У кожнага асацыяцыі могуць быць свае — важна, каб яны «ўсплывалі» ў патрэбны момант.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?