Цэнтрвыбаркам Беларусі не збіраецца прымаць дапамогу замежных краін у выглядзе празрыстых скрыняў для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

З просьбай прадставіць іх раней звярнулася да ўладаў Літвы, Украіны і Польшчы ініцыятыўная група прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост, лідара кампаніі «Гавары праўду!», паэта Уладзіміра Някляева. Але ці ратуюць празрыстыя скрыні ад фальсіфікацыі выбараў?

«Беларускае заканадаўства не прадугледжвае выкарыстанне гуманітарнай дапамогі, у тым ліку тэхнічнай, для мэтаў выбарчай кампаніі», — сказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі 1 лістапада.

Як адзначае Гары Паганяйла, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта (аднаго з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»),

пастаўкі празрыстых скрыняў для галасавання практыкуюцца ў многіх краінах свету, слабых эканамічна, але гатовых прадэманстраваць свабоду і празрыстасць выбараў.

— Яны прымаюць гэтую дапамогу і праводзяць выбары. І ні ў кога не ўзнікае ніякіх сумневаў. Беларусі неразумна адмаўляцца ад празрыстых скрыняў, — лічыць эксперт.

Хоць самі па сабе празрыстыя сценкі урнаў, на яго думку, не забяспечваюць сумленнасці і адкрытасці галасавання.

— Назіраць, як грамадзяне ўкідалі бюлетэні ў урны, стане магчымым. Але вось што адбываецца з скрынямі, калі выбарчыя ўчасткі спыняюць працу ў дні папярэдняга галасавання? — задаецца пытаннем Гары Паганяйла.

У сваю чаргу, прадстаўнікі кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» прааналізавалі магчымыя шляхі фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Па словах каардынатара кампаніі, старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, ёсць чатыры самыя распаўсюджаныя варыянты.

— Па-першае, укід бюлетэняў на выбарчых участках у дзень галасавання,
што не так проста зрабіць у прысутнасці многіх людзей. Гэты шлях фальсіфікацыі лягчэй за ўсё перадухіліць, узяўшы скрыню пад кантроль, — адзначае Сяргей Калякін.
Другі спосаб — укід бюлетэняў падчас галасавання па-за выбарчымі ўчасткамі.

— Ён патрабуе ад фальсіфікатараў задзейнічаць многіх людзей. Скрынкі не вельмі вялікія па аб’ёме, і нават калі набіваць поўную скрыню, гэты шлях можа быць пракантраляваны, што мы і будзем рабіць шляхам суправаджэння асобаў, якія ідуць на дом да грамадзянаў або ў іншае месца па-за ўчасткамі для галасавання, — адзначае палітык.

Паводле словаў Калякіна,

найбольш папулярны ў фальсіфікатараў трэці варыянт — укід бюлетэняў у скрыні падчас датэрміновага галасавання.

— У такім выпадку спрацоўваюць два фактары: стымулюецца датэрміновае галасаванне сярод грамадзян пэўных катэгорый — студэнтаў, вайскоўцаў, проста на прадпрыемствах, калі людзей прывозяць на ўчасткі, а за дзень-два да галасавання адбываецца падмена бюлетэняў у урнах, — кажа Сяргей Калякін. — Мы сёння маем красамоўнае пацверджанне выкарыстання гэтага спосабу ў выглядзе заявы падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, які ў 2008 годзе на выбарчым участку № 43 Старавіленскай выбарчай акругі № 105 зафіксаваў такі факт, падаў адпаведны рапарт начальніку Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама. Прайшло два гады, але ніхто не прымае ніякіх мераў.

Чацверты шлях фальсіфікацый, па словах Сяргея Калякіна, выглядае наступным чынам:

— Гэта калі старшыня камісіі абвяшчае загадзя даведзеныя да яго лічбы вынікаў галасавання без усякага ўліку і адпаведнасці таму, што знаходзіцца ў выбарчых урнах,
 — сцвярджае лідар «Справядлівага свету». — Вырабляюцца два камплекты бюлетэняў. Частка з іх захоўваецца ў асобным пакоі. А другая — фактычная — складаецца ў зусім іншым месцы. І нават патрабаванне пераліку галасоў нічога ў гэтым выпадку не дасць.

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» падкрэслівае, што дасведчанасць аб механізмах фальсіфікацыі дазволіць рабіць адэкватныя захады па іх перадухіленні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?