Да магчымасці правядзення ў Беларусі ў 2011 падатковай амністыі «ценевага» бізнэсу многія прадпрымальнікі апрыёры ставяцца з недаверам. Але каму яна патрэбная?

Пра планы па правядзенні ў 2010 такой амністыі гаворыцца ў праекце дырэктывы па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці. Гэтым «прыстрэлачным» дакументам ураду прадпісваецца «да 1 ліпеня 2011 унесці на разгляд кіраўніка дзяржавы праект нарматыўнага прававога акта аб увядзенні ў Рэспубліцы Беларусь падатковай амністыі ў дачыненні да асобаў, гатовых сябе рэабілітаваць шляхам легалізацыі сваіх прыбыткаў».

Але ці шмат у краіне бізнэсаў, якія мараць аб рэабілітацыі? На каго нацэленая амністыя? Што яна можа даць?

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы:

— Падчас абмеркавання такой амністыі адразу ўзнікае два пытанні:

ці не зробяцца разгалошаныя ў выніку яе звесткі падставай для пераследу ў перспектыве і ці так шмат у Беларусі ценевых станаў?
Якраз у Беларусі, згодна з міжнароднымі рэйтынгамі, «ценевыя» станы — не распаўсюджаная з’ява. Але калі яны існуюць, то ў бізнэсу павінен быць вялікі крэдыт даверу дзяржаве, каб рызыкнуць і скарыстацца амністыяй. А значыць, гэтая мера добрая, але яна хутчэй для прыгажосці, чым для рэальнага выкарыстання. Раней такая амністыя абвяшчалася ў Расіі, але я неяк не бачыў асаблівых поспехаў ад яе абвяшчэння. Мне здаецца, значна большы эфект могуць прынесці меры доўгатэрміновага характару, якія стымулююць бізнэс. Напрыклад, спрашчэнне падаткаабкладання. А амністыя — гэта разавая мера. Нават калі амністыя «ценевага» бізнэсу адбудзецца, то што потым?

Незалежны эканаміст Міхаіл Залескі:

— Да такой амністыі дастасоўны і закон гігіены — рука руку мые.

Гэтая амністыя будзе для сватоў, кумоў, то бок для саміх сябе.
Хто трэба, той яе вынікамі і скарыстаецца. І пра гэта ніхто не даведаецца. Бо ніхто, напрыклад, праз «Савецкую Беларусь» не паведаміць, колькі той ці іншы амніставаў грошай. А астатнія, у каго няма сватоў і кумоў, дык яны ж, па-першае, не дурныя, яны ведаюць, што не ўсім усё можна. А па-другое, у іх і грошай «ценевых» няма. На мой погляд, 90 адсоткаў беларускага бізнэсу, які не мае патрэбных сувязяў, мае ўсяго 10 адсоткаў капіталу, які трэба легалізаваць.

Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін:

— Наогул, у Беларусі трэба ўжываць самы шырокі спектр амністый.
Многія бізнэсоўцы калісьці, у пачатку сваёй дзейнасці, рабілі памылкі. Гэта значыць, большасць хоча амністыі. Патрэбная і амністыя капіталу ў цэлым. Каб людзі, якія вывелі грошы за межы краіны, маглі іх сюды вярнуць у выглядзе інвестыцый. Вядома, у Беларусі вельмі вялікі недавер да ўлады з пункту гледжання гарантый невыкарыстання вынікаў амністыі на шкоду бізнэсу. Але існуе пазітыўны досвед такіх амністый у Еўропе. Не мы першыя. І, як паказвае практыка, такія амністыі спрыяюць лібералізацыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?