Карціна Міраслава Дэмбіньскага «Урокі беларускай мовы. Моладзь супраць Лукашэнкі» здымалася польскім рэжысэрам падчас выбарчае кампаніі 2005-2006 гадоў. 23 кастрычніка адбыўся паказ стужкі для беларускіх журналістаў.
Героі стужкі – маладыя людзі, навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю. Аповед вядзецца ад імя Франака Вячоркі, які зь сябрамі запісвае музыку, раскідвае ўлёткі і зьбірае перадачы ў турмы.
Спачатку карціна складвалася, як тэлевізійны рэпартаж зь месца падзеяў, але апавяданьне ад першай асобы – удалая вынаходка, роўна як і закадравы беларускі рок. Хаця адчуваецца розьніца паміж рэпартажнымі й лірычнымі момантамі – фільм атрымаўся натхняльным.
Каб зьмяніць рэчаіснасьць – трэба яе мяняць.
Зьняць зь сябрамі кліп, раздаць вольную газэту, прыйсьці на Плошчу.
Падзеі менскай вясны зафіксаваны ў шматлікіх рэпартажах, але ў фільме Дэмбіньскага новыя ракурсы, кадры, а эмоцыі — мацнейшыя.
Сакавік б’е.
Мы ведалі, што ў 2006 годзе на Беларусь вярнулася гісторыя і кожны з нас яе ўдзельнік і творца, але польская карціна нам яшчэ раз нагадала пра гэтае.
І паказальны выбар герояў – ліцэісты, студэнты з намётавага гарадку – моладзь. Твары – удумлівыя вочы.
Чаканьні, словы падзеі – зафіксаваныя такія, якімі яны тады былі – і гэта перавага негульнёвага кіно. Штосьці бачыцца іншым, але стужка — магутны дакумэнт надзеі.
Фільм ствараўся для польскай аўдыторыі. Але для беларусаў ён найважнейшы.
Неўзабаве фільм будзе паказаны ў Варшаве, Ляйпцыгу, Амстэрдаме, Маскве.
Шукайце – і выкладайце беларускую мову.





