Перамовы апазіцыі пра адзінага кандыдата не прыводзяць да вынікаў.

 Злева направа: Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў.

Злева направа: Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў.

Прэс‑канферэнцыя кандыдатаў у прэзідэнты 8 лістапада павінна была заклікаць людзей выйсці на вулічныя акцыі 24 лістапада і 19 снежня, але агаліла шмат іншых пытанняў падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў.

Прыйшлі на сустрэчу з журналістамі кандыдаты Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, а таксама кіраўнік штаба Яраслава Раманчука Анатоль Лябедзька. Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч не прыйшлі.

Плошча дзеля чаго?

Кандыдаты згадзіліся заклікаць людзей на вулічныя акцыі 24 лістапада і 19 снежня. Што праўда, як высветлілася, мэты ва ўсіх розныя.

Старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч кажа, што праз два тыдні на Кастрычніцкай плошчы будзе галоўным заклік Лукашэнку сыходзіць.

Уладзімір Някляеў шчыра прызнаўся, што раней акцыя планавалася як пратэст супраць нерэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў. Але падобна на тое, што ўлада пойдзе на рэгістрацыю ці не ўсіх прэтэндэнтаў. То дзеля чаго тады пратэставаць?

Анатоль Лябедзька ж зазначае, што гэта будзе звычайная сустрэча з выбарцамі, якая не супярэчыць выбарчаму кодэксу.

Нават у арганізатараў розняцца планы на мерапрыемства. Зрэшты, магчыма яны адно аднаму не і супярэчаць.

Планы на 19 снежня

Заклікаюць палітыкі людзей і на акцыю ў дзень галасавання. Усе перакананыя, што лёс выбараў якраз і будзе вырашацца на вуліцы.

Часта гэтае магічнае слова «Плошча» паўтараецца журналістамі як нейкі заклён. Рэдка хто задумваецца, што ж укладаецца ў сэнс гэтага слова. Патрабаванне правядзення новых выбараў ці штурм рэзідэнцыі?

Віталь Рымашэўскі казаў пра памылкі 2006 года, што сёлета іх дапускаць нельга. А што за памылкі? «Тады быў пратэст неарганізаваны, а зараз будзе арганізаваны», — кажа В.Рымашэўскі.

Старшыня хадэкаў мае на ўвазе пад Плошчай «арганізаваны пратэст, права людзей на забастоўку».

«Нас не будуць ацэньваць па тым, што мы маглі зрабіць, але не зрабілі, а па тым, што мы зрабілі», — кажа В.Рымашэўскі.

На ягоную думку, важна, каб людзей нехта павёў за сабой. Куды павядзе мітынгоўцаў сп.Рымашэўскі? «Ёсць некалькі варыянтаў», — кажа ён.

Анатоль Лябедзька мяркуе, што задачай максімум на Плошчы ёсць перамога, задачай мінімум — пачатак перамоваў паміж уладай і апазіцыяй. Але не зусім ясна па якіх пытаннях мусяць быць тыя перамовы.

Уладзімір Някляеў лічыць, што ўжо сёння можна гаварыць пра тое, што выбары несвабодныя і несправядлівыя. А ў такіх умовах — толькі Плошча.

Адзіныя

Чарговы раз гаворка зайшла пра вылучэнне адзінага кандыдата. Някляеў — за, Рымашэўскі — за, Статкевіч — за. Усе лічаць, што гэта было б моцным крокам у змаганні з Лукашэнкам.

Ну вось пры журналістах усе дэкларуюць гатоўнасць, але б чаму гэтай тройцы не паказаць прыклад іншым? Не вылучыць Рымашэўскага ці Някляева ад іх? Не, гэтага не бачым, а толькі чуем бясконцыя мантры аб неабходнасці адзінага. Далей за словы пакуль не даходзіць.

І няўжо тут перашкода Андрэй Саннікаў ці Рыгор Кастусёў, якія ўдзелу ў вылучэнні адзінага не бяруць? Здаецца, што праблема ў тым, што кожны ў ролі гэтага адзінага бачыць якраз сябе.

Крытычна ў гэты бок зірнуў Анатоль Лябедзька, які не бачыць вырашэння ўсіх праблем у простым вылучэнні «адзінага». На ягоную думку, гэты момант апазіцыя ўжо страціла яшчэ паўтара года таму, а цяпер ужо позна.

Дарэчы, якраз Лябедзька і прапанаваў увесці вета на абмеркаванне гэтай тэмы пры журналістах, пакуль не будзе ніякіх вынікаў.

Дакора аб вылучэнцах у выбаркамы

З вуснаў Лябедзькі ў бок сваіх партнёраў прагучаў яшчэ адзін дакор — адносна вылучэння прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі.

На думку старшыні АГП, з задачай на «задавальняюча» справілася толькі каманда Яраслава Раманчука (АГП вылучыла 505 сваіх прадстаўнікоў), а іншыя не зрабілі нават і гэтага.

Рымашэўскі парыраваў, што партыя іхняя незарэгістраваная, таму ім было цяжка засяроджвацца на вылучэнні. Важней было сабраць подпісы за кандыдата. Тое ж адказаў Статкевіч.

Думка ж Лябедзькі была ў тым, каб каардынаваць сваю працу хаця б тут. «Каб кожны штаб вылучыў па тысячы прадстаўнікоў, то змаглі б закрыць усе ўчасткі», — кажа А.Лябедзька.

Лябедзька кажа, што зараз самая важная барацьба за тых выбарцаў, што яшчэ не вызначыліся. Кіраўнік штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў працягнуў, калі не атрымаецца заваяваць сэрцы гэтых людзей, то яны выбары проста байкатуюць.

Сістэмная апазіцыя

Напрыканцы гаворка зайшла пра сістэмную апазіцыю. Зноў паліліся абвінавачванні ўбок некаторых палітыкаў, якія не прысутнічалі на сустрэчы, што яны гандлююцца з уладамі, каб выбіць лепшае становішча.

«Хто гэта такія?» — запыталіся мы.

«Не скажам. Гэта і так павінна быць зразумела», — сказаў В.Рымашэўскі. «Калі скажам, то нас потым у памяшканне не пусцяць», — парыраваў Лябедзька. Прэс‑канферэнцыя праходзіла ў памяшканні Партыі БНФ.

Уладзімір Някляеў кажа, што рэзервныя грошы ў бюджэце выдзеленыя на датэрміновыя парламенцкія выбары і з’яўленне сістэмнай апазіцыі.

Прэс‑канферэнцыя каторы раз засведчыла, што да праблем у стане апазіцыі больш чым дастаткова, а вось часу на іх вырашэння зусім вобмаль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?