Дэтэктыў пра так званы юбілейны саміт СНД сёньня атрымаў працяг. Як вынікае з выказваньняў расейскага амбасадара, мерапрыемства расшчэпяць на два. Прычым Менску — абы што, а вяршкі зьліжуць іншыя!

Нагадаю фабулу: айчыннае начальства з пачатку года рыхтавалася да выйгрышнай піяр-акцыі — форуму ў гонар 15-годзьдзя СНД. Хай сабе юбілей сумнеўны, але ж добрая падстава прэзэнтаваць Менск як кіпучы асяродак міжнароднага жыцьця!

І вось пасьля жорсткага выступу Аляксандра Лукашэнкі 29 верасьня (тэза: дарагі газ — разрыў стасункаў) Крэмль спачатку адсунуў саміт, а потым пусьціў пагалоску, што новым ягоным месцам будзе Астана (ці Алматы).

Сярод наведнікаў блогу нават усчалася дыскусія, ці пойдзе Крэмль на такую абразу пачуцьцяў беларускага хаўрусьніка.

Як бачым, няма дыму без агню. Зь інфармацыі амбасадара Сурыкава вынікае, што Масква сапраўды паднесла пілюлю, але разам з тым дала тутэйшаму кіраўніцтву магчымасьць выратаваць твар перад наіўнай часткай электарату.

"Калі гэта і аплявуха, то элегантная", — зазначыў знаёмы палітоляг.

У нас, такім чынам, пройдзе працоўны форум з апрыёры бясплённай дыскусіяй пра рэфармаваньне-выратаваньне СНД. Статус працоўнага падразае пад корань прапагандысцкія пляны гаспадароў. Помпа выглядала б ужо проста анэкдатычна.

А вяршкі здыме Назарбаеў. Яшчэ зь сярэдзіны 90-х ён жорстка супернічаў з Лукашэнкам за ляўры галоўнага постсавецкага інтэгратара. І вось — падстава для трыумфу: менавіта юбілеіць будуць у Казахстане.

Цікава, ці паляціць туды Лукашэнка?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?