Навукоўцы ўпэўненыя, што рэгулярныя царкоўныя службы забіваюць старажытныя кіеўскія храмы.

Штуршком да канфлікту стаўся выступ айца Фёдара Шарамета УПЦ на адным з тэлеканалаў. Ён сказаў, што старадаўняй фрэсцы ў Кірылаўскай царкве трэба дамаляваць галаву: «Што гэта за ікона – галава адрэзаная, а тулава ёсьць. Ёсьць царкоўныя правілы. Ікона, якая страціла прыстойны выгляд, ня можа быць выкарыстаная».

Навукоўцы ўгледзелі ў гэтым пасягальніцтва на даўніну. Ірына Марголіна, намесьніца дырэктара па навуковай працы Нацыянальнага запаведніку «Сафія Кіеўская», упэўненая, што ўнясеньне якіх-кольвек дапаўненьняў у фрэскавы росьпіс, па-першае, сказіць унікальны жывапіс 12 стагодзьдзя, а па-другое, гэта будзе ўжо творчасьць 21-га стагодзьдзя, і да гісторыі яна ня будзе мець ніякага дачыненьня. У гаротным стане знаходзяцца й іншыя храмы, адданыя для богаслужэньняў.

— Копаць ад сьвечак, якая ўвесь час кладзецца на бясцэнны алейны жывапіс і фрэскі, выдаліць надзвычай складана, – жаліцца Ірына Марголіна. – На богаслужэньне прыходзіць багата людзей. Бо гэта не музэй, куды пускаюць абмежаванымі групамі, а таму ад подыху натоўпу парушаецца тэмпературны рэжым, што нэгатыўна ўплывае на стан жывапісу. А калі спальваюць цыдулкі на алтары, іканастас таксама пакрываецца копацьцю.

У Андрэеўскай царкве – архітэктурным помніку і дзейным храме– загадчыца музэю Жана Літвінчук паказала пасьледкі багаслужэньняў:

— З-за таго, што ўвесь час запаленыя сьвечкі, пазалочаныя анёлы з іканастасу пакрыліся копацьцю і сталі падобныя на нэгрыцятаў. Падлога з каркарскага мармуру, які прывозілі з Італіі, сапсутая парафінам. Ва ўнікальны іканастас убітыя цьвікі і навешаныя сучасныя іконы. Адзін з фрагмэнтаў разнога дэкору іканастасу адваліўся з-за няправільнага абыходжаньня.

Сьвятары Кіева-Пячорскай Лаўры, якой гэты канфлікт таксама датычыцца, словы навукоўцаў лічаць выдумкай.

— Дзе разбурэньні? Няма ніякіх разбурэньняў. Можаце самі пайсьці паглядзець. Мы пільнуемся нормаў, усіх ўмоваў эксплюатацыі храмаў, праводзім рэстаўрацыю, – запэўніў архімантдрыт Ірыней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?