Галоўным вынікам канфэрэнцыі рэгіянальных кааліцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве сталася навіна пра скліканьне паўторнага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які пройдзе не пазьней за 25 сакавіка наступнага году. 60% дэлегатаў канфэрэнцыі прагаласавала за правядзеньне новага Кангрэсу.

Яго дэлегатамі будуць кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў, якія зьбяруць ня меней за 300 подпісаў выбарцаў.

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч скептычны наконт пэрспэктываў кангрэсу. На ягоную думку, гэта будзе нават не Кангрэс дэмакратычных сілаў, а Кангрэс палітычных сілаў, бо на ім будуць рэпрэзэнтаваныя толькі тыя актывісты, якія ідуць на выбары. Мілінкевіч шкадуе, што ў працы кангрэсу ня змогуць узяць удзелу журналісты, бізнэсоўцы і іншыя катэгорыі грамадзянаў, якія не зьбіраюцца балятавацца. «У цяперашніх умовах звычайны дырэктар школы ці доктар паліклінікі ня можа сабе дазволіць удзельнічаць у выбарах, тым самым мы звужаем прадстаўніцтва Кангрэсу да палітычных актывістаў».

Мілінкевіч выступае за тое, каб у кааліцыі застаўся адзіны лідэр з пашыранымі паўнамоцтвамі. На ягоную думку, без адзінага лідэра апазыцыя ня будзе дзеяздольнай. Са словаў Мілінкевіча, ён гатовы саступіць месца лідэра, яно для яго не самамэта, але лідэра мець мусова.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ж, у сваю чаргу, лічыць, што дэмакратычнай кааліцыі лідэр не патрэбны. На думку Лябедзькі, досыць адзінства на плятформе руху «За Свабоду».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру