Завяршыўся візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Тэгеран. Беларускі кіраўнік сустрэўся з прэзыдэнтам Магмудам Ахмадынэджадам і чалавекам, які ў Іране стаіць вышэй за прэзыдэнта – найвышэйшым лідэрам Ісламскай рэвалюцыі Алі Хамэнэі.

Прэзыдэнты Беларусі і Ірану падпісалі супольны камунікат аб разьвіцьці ўзаемінаў. Таксама ў прысутнасьці А.Лукашэнкі і М.Ахмадынэджада былі падпісаныя некаторыя дамовы аб эканамічным супрацоўніцтве.

А.Лукашэнка заклікаў давесьці таваразварот між дзьвюма краінамі да мільярда даляраў штогод. Праўда, мэта выглядае недасяжнаю, бо пра пашырэньне гандлю між дзьвюма кра¬інамі гаворыцца даўно, А.Лукашэнка ў Тэгеране ня першы раз, а папярэдні іранскі прэзыдэнт бываў у Менску, аднак гандаль за мінулы год склаў усяго 38 млн даляраў. Нафту й газ з Ірану Беларусі няма як пампаваць, а з рэшты тавараў нас традыцыйна цікавілі хіба што фінікі. Вось беларускія запасы зброі ваяўнічаму Ірану прыдаліся б. Ды толькі яны за апошнія гады расталі. Комплексы С-300, атрыманыя ад Расеі, Беларусь ня мае права перапрадаць. Прынамсі, бяз згоды Расеі. А Тэгеран таго хацеў бы.

Іранскаму і беларускаму лідэрам засталося канстатаваць наяўнасьць палітычнай базы для збліжэньня. Як паведаміла іранскае агенцтва ІРНА, Алі Хамэнэі заклікаў А.Лукашэнку супольна процістаяць ціску сусьветных супэрдзяржаваў, у прыватнасьці, ЗША. У гэтым кіраўнікі Ірану зь Беларусьсю майстры.

Варта адзначыць, што духоўнага лідэра Ірану прызначаюць імамы, а народ не выбірае. Заходнюю сыстэму дэмакратыі і свабодаў адкідае і беларускі рэжым. Дэмакратычныя краіны асьцерагаюцца Ірану больш за Беларусь таму, што Тэгеран марыць пра ўласную атамную зброю і адмаўляецца спыніць распрацоўкі. Прэзыдэнт Ірану адкрыта выказваў жаданьне сьцерці Ізраіль з мапы сьвету. Таму заходнія дзяржавы трымаюць на парадку дня пытаньне аб увядзеньні антыатамных санкцыяў супраць Ірану.

Беларусь і Іран далёкія ў сваіх нацыянальных інтарэсах, як і геаграфічным становішчы. Гэтак, на днях Тэгеран вітаў сьмяротны прысуд Хусэйну, у Менску ён выклікаў пратэст. Ізраіль для Ірану – сьмяротны вораг, тады як многія ўплывовыя беларусы трымаюць свае ашчаджэньні ў ізраільскіх банках.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру