Back in the USSR – гэта ня толькі караоке гітоў 60-х, аднак таксама адраджэньне найлепшых савецкіх журналісцкіх традыцыяў. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Падпісная кампанія блізкая да апагею, і рэдактарам дзяржаўных выданьняў, напрыклад, Паўлу Ізотавічу, сьлед ужо крэпка падумаць, як павялічыць хеўру падпісчыкаў.

Натуральна, можна надалей адточваць інструмэнтар адмінпрымусу: напрыклад, павесіць на Сулімаву калёнку аб хатніх жывёлах і забавязаць падпісацца на «СБ» усіх сяброў клюбаў аматараў папугаяў.

Магчымы маркетынгавы крок: у кантэксьце росту ў краіне колькасьці наркаманаў запусьціць чутку, што перадавіцы Зьмітра Крата аб росьце дабрабыту, калі тры разы чытаць наадварот, выклікаюць эфэкт прыходу, роўны двум касякам «чуйкі».

Я, аднак, прапаную новы, эфэктны сродак, які хутка павялічыць колькасьць абанэнтаў дзяржаўных СМІ за кошт... апазыцыянэраў.

Натуральна, вы скажаце, што я – крэйзі. Апазыцыянэрам, якіх у нас, згадзецеся, ня мала, «Саўбелка» патрэбная хіба што з мэтай выкшталцонай помсты – хадзіць з органам адміністрацыі ў М-Ж.

Чытаць «Саўбелку», скажа вам любы адмарозак, – тое ж самае, што ў свой час гартаць савецкую прэсу: газэта нагадвае практычны дапаможнік для нэўротыкаў, якія лекуюцца сэансамі аўтатрэнінгу: усё нармальна… вось прэзыдэнт аптымізаваў штат Камітэту дзяржкантролю… усё нармальна… вось у Лагойскім раёне пабудавалі аграгарадок… я абсалютна спакойны...

Аднак трэба згадаць, што ў часы легендарных танных партвайнаў «Агдам» і «777» існаваў адмысловы код разуменьня афіцыёзных прагонаў.

Напрыклад, аб палітычным уплыве апаратчыка на канкрэтны момант судзілі з дыстанцыі, якую ён трымае ад генсека падчас нейкага пупэр-важнага рытуалу, кшталту працэдуры маханьня рукамі на крамлёўскай трыбуне групе гімнастаў.

Калі «Правда» пісала аб тым, што спажываньне мяса выклікае рост крывянога ціску, усе прасякалі, што пляну па мясанарыхтоўках ізноў гамон і трэба бегчы запасацца кансэрвамі.

Найлепшыя традыцыі саўка павінны адрадзіцца на старонках прэзыдэнцкага рупару, павярнуўшы яму статус палітычна зубастага выданьня!

Трэба проста распрацаваць код, з дапамогай якога трэба чытаць тэксты і глядзець фоткі на старонках «Саўбелкі».

Перш за ўсе неабходны слоўнік эзопавай мовы. Галоўную ролю мусяць адыграць звычайна дапаможна-нэўтральныя ў сказе прыслоўе і прыметнік. Напрыклад: лексычныя адзінкі «эфэктыўна» (пераклад: з-пад палкі, па разнарадцы), «актыўна» (на паказуху), «аўтарытэтна» (адстойна) і, нарэшце, «стабільна» (дурань той, хто ў гэта паверыць).

Як будуць палітычна востра і прывабна для вуха апазыцыянэра гучаць фрагмэнты нудных артыкулаў «СБ»: «Працягваецца актыўны рост аграгарадкоў», «Аўтарытэтны сярод моладзі бээрэсэмавец», «Расея – Беларусь: час супрацоўнічаць стабільна!».

Зачытайце пераклад любому бацькафобу, і ягонай першай рэакцыяй, гарантую, будзе: «Дзе можна падпісацца на Саўбелку?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0