Кошт ААТ «Белтрансгаз» будзе вызначаны па выніках перагавораў, а не паводле ацэнкі банку. Гэта непрыемная навіна для «Газпрому».

Такую пазыцыю беларускі бок абазначыў на праведзеных у Маскве перагаворах на вышэйшым узроўні, паведаміў сёньня А.Лукашэнка на нарадзе аб пытаньнях забесьпячэньня краіны энэрганосьбітамі. Гэта паведамляе БелТА. Дзяржаўнае агенцтва прыводзіць такія цытаты з выказваньняў кіраўніка дзяржавы: «Мы за тое, каб стварыць сумеснае прадпрыемства з Расейскай Федэрацыяй на базе «Белтрансгазу» й «Газпрому». Але рабіць мы гэта будзем на рынкавых умовах - так, як Расейская Федэрацыя гаворыць пра пастаўкі газу й нафты. Гэта значыць, мы ня можам аддаць або перадаць «Газпрому» «Белтрансгаз» бясплатна, ці то 10 працэнтаў, 50 працэнтаў або любую іншая колькасьць акцый. Гэта павінна быць на рынкавых умовах», - падкрэсьліў А.Лукашэнка.

«Сёння праводзіцца ацэнка актываў «Белтрансгазу» нідэрляндзкім банкам. Гэта ацэнка стане пэўным пунктам адліку ў перагаворах па цане «Белтрансгазу», - адзначыў кіраўнік Беларусі. «Я прывёў Уладзіміру Пуціну канкрэтны прыклад, калі немцы куплялі чэскую сыстэму, якая ў 2,5-3 разы меншая, чым беларуская. І яны заплацілі ў даляравым эквіваленце $5,5 млрд. за яе. Таму калі ацэньваць сёньня «Белтрансгаз», і гэта не як чэская кампанія - адгалінаваньне збоку, а магістральныя газаправоды, то гэта будзе значна даражэй, прыкладна ў 2 разы, больш як пад $10 млрд., а то і $12 млрд. Некаторыя спэцыялісты і да $17 млрд. ацэньваюць сёньня «Белтрансгаз». Мы будзем настойваць на адэкватнай ацэнцы. Якая гэта будзе ацэнка - мы вырашым у выніку перагавораў, а не ў выніку ацэнкі банку. Таму што ацэнка банка - гэта адна з прапановаў, а далей мы будзем усё лічыць. З гэтым і пагадзіліся. У залежнасьці ад гэтага, лічу, будзе залежаць у пэрспэктыве цана на прыродны газ, што пастаўляецца ў Беларусь», - рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Вось што яшчэ паведамляе БелТА:

Пазыцыя Беларусі адносна пытаньня цаны на прыродны газ была ўспрынятая расейскім кіраўніцтвам з разуменьнем. Пра гэта паведаміў сёньня прэзыдэнт Беларусі на нарадзе па пытаньнях забесьпячэньня краіны энэрганосьбітамі, падсумоўваючы беларуска-расейскія перамовы на найвышэйшым узроўні ў Маскве. «Я катэгарычна выказаўся за непрымальнасьць усялякіх інсынуацый наконт цаны ў 200 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. На гэта Ўладзімер Пуцін сказаў: ніколі такой цаны афіцыйна не называлі і не вызначалі», – працытаваў Аляксандар Лукашэнка расейскага калегу. На думку беларускага боку, для Беларусі цана ня можа быць вышэйшай ад Украіны, Армэніі. «А Армэніі сёньня Расея пастаўляе газ па 110 даляраў. Таму я на перамовах сказаў, што для нас гэтая цана непрымальная, і мы будзем настойваць на датрыманьні той цаны і таго прынцыпу, якія існавалі ў гандлі прыродным газам да сёньняшняга дня. У адваротным выпадку пытаньне стаіць ня ў тым, якую Расея выставіць цану на газ. Пытаньне ў тым, што мы будзем ня ў стане заплаціць гэтыя грошы», – падкрэсьліў прэзыдэнт Беларусі. Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, на перамовах з Уладзімерам Пуціным «гэта таксама было ўспрынята з разуменьнем». «Адразу ж было сказана: мы не зьбіраемся тарпэдаваць працэсы ў эканоміцы Беларусі. Мы вельмі зацікаўленыя, каб Беларусь разьвівалася паступальна, дынамічна. І з гэтага будзем сыходзіць. Гэта было заяўлена некалькі разоў», – дадаў А.Лукашэнка.

Вось як камэнтуе сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі наш палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі ў сваім блогу.

"Як і прагназавалася, Аляксандар Лукашэнка выказаўся па гарачых сьлядах перамоваў з Пуціным.

Паспрабуем зрабіць папярэдняе рэзюмэ (бо на гэты момант агенцыі працягваюць даваць фрагмэнтарныя нататкі з нарады ў кіраўніка дзяржавы):

1. За "Белтрансгаз" цяпер заламана яшчэ большая цана — ад 10 да 17 мільярдаў даляраў (раней казалі пра 5-6). Гэта апрыёры непрыймальна для Масквы.

2. Калі нехта наіўны думаў, што ў пытаньні пра кошт беларускае "трубы" вызначальным стане вэрдыкт галянскага банку, дык вось не! Вы спытаеце, нашто тады было ладзіць экспэртызу? Чыньнік часу, даражэнькія! Цягнуць рызіну выгадна беларускаму боку.

3. У пытаньні нафты бакі таксама ўцягнуцца ў вязкі працэс падрыхтоўкі новага пагадненьня.

4. Газ па $200 — гэта "інсынуацыі".

5. Адзіная валюта і канстытуцыйны акт, як вынікае з выказваньняў Лукашэнкі, увогуле адкладзены ў доўгую скрыню — сама мала да сканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. А мо' і на сьвятое ніколі.

Увогуле ж яшчэ болей акцэнтавана быў агучаны ранейшы набор тэзаў, ключавая зь якіх вось гэта: Масква мусіць прытрымлівацца прынцыпу роўных умоў гаспадараньня! У Крамлі, мусіць, тысячу разоў праклялі фармулёўку, якую некалі нядоўга думаючы ўпісалі ў саюзную дамову. Тады здавалася, што ўсё адно неўзабаве тут будзе расейская губерня. Зараз жа гумавая фармулёўка дазваляе беларускаму боку тарпэдаваць спробы Масквы перавесьці эканамічныя дачыненьні на сапраўды рынкавыя рэйкі.

Ну а фразы пра тое, што "у Расеі ёсьць жаданьне захаваць дынаміку стасункаў зь Беларусьсю", "ёсьць палітычная воля не згубіць тое, што напрацавана", — у перакладзе з дыпляматычнае мовы азначаюць, што на Пуціна робіць пэўнае ўражаньне пагроза страціць апошняга хаўрусьніка. Карацей, працуе піяраўскі чыньнік "танкаў НАТО пад Смаленскам".

Натуральна, кожны бок ладзіць свой піяр. Заўтрашняя маскоўская прэса пэўна ж падасьць вынікі перамоваў не ў такім амаль што трыўмфальным для Менску ключы.

Але факт тое, што капітуляцыі на ўмовах Крамля не адбылося. Як і прадракала меней эмацыйная частка аналітыкаў, Менск і Масква будуць доўжыць торг, у якім кожны з бакоў мае сур'ёзныя козыры".

label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру