Гішпанскія журналісты выкапалі сакрэтную стратэгію Эўразьвязу літаральна са сьмецьця. Пра гэта піша "КоммерсантЪ". Няўжо спраўдзіліся словы асобных нашых радыкальных крытыкаў, якія даўно даводзілі, што брусэльскія канцэпцыі варта выкінуць на памыйку? :))
Насамрэч сакрэтныя паперы трапілі ў сьмеццевы бак праз элемэнтарную нядбайнасьць пэрсаналу гішпанскага МЗС. Няма на іх дырэктывы №1!
Такім чынам, шырокай грамадзскасьці стала вядома, як эўрапейскія лідэры дамаўляліся перад самітам у Лахці ўзяць за гарляк Пуціна, закінуўшы яму энэргетычны дыктат, парушэньні правоў чалавека і г.д. У выніку ж — натрапіла каса на камень.
Прыблізна тое самае назіраецца і ў беларускім пытаньні. Пэрыядычна Эўропа апэлюе да Крамля з заклікамі паўплываць на беларускага хаўрусьніка, але… Пра эфэкт вы самі дабра ведаеце.
Выпадкова раскрытыя таямніцы паказваюць, звыш усяго, што "адзіная Эўропа" насамрэч не такая ўжо адзіная. Гэта пярэсты канглямэрат, у якім існуюць вялікія супярэчнасьці. У прыватнасьці, між старымі і новымі сябрамі.
Заўважце: як вынікае з сакрэтнага пратаколу, абараніць Грузію ад Масквы найболей горача заклікалі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ды Андрус Ансіп з Эстоніі. Прэзыдэнт Літвы Адамкус таксама быў у ліку прыхільнікаў болей жорсткай лініі ў дачыненьні да Крамля.
Гэта і ня дзіўна, бо ва ўсіх згаданых краінах яшчэ не забыліся пра абдымкі расейскага мядзьведзя.
А вось прадстаўнікі старой Эўропы ўсяляк ахаладжалі імпэт "гарачага эстонскага хлопца" ды іншых усходнеэўрапейцаў. Маўляў, трэба болей лагоднасьці, кампраміснасьці…
Ці варта дзівіцца, што ў Брусэля фактычна няма выразнай адзінай стратэгіі і ў беларускім пытаньні? А тое, што спрабуюць выдаць за канцэптуальны падыход, элемэнтарна не спрацоўвае.
Дый ўвогуле — ім там стае тлуму і бяз нас. Так што апазыцыйныя мэдыі, якія малююць сытуацыю так, нібыта ў Эўропы толькі і баліць галава пра лёс дэмакратыі ў нашай краіне, — трошкі гіпэрбалізуюць. Многім заходнім прагматыкам зусім ня муляе статус-кво, калі "дзяржава Лукашэнкі" збольшага забясьпечвае патрэбы транзыту ды тармозіць нелегалаў.
Але годзе кідаць камяні ў сытых бюргэраў! Ці карэктна казаць, што яны замала шчыруюць дзеля дэмакратычных ідэалаў? Ці ёсьць маральнае права патрабаваць, каб Эўропа змагалася за іх болей рашуча ды самаахвярна, чым само беларускае грамадзтва?





