Як і прагназавалася, Аляксандар Лукашэнка выказаўся па гарачых сьлядах перамоваў з Пуціным.

Паспрабуем зрабіць папярэдняе рэзюмэ (бо на гэты момант агенцыі працягваюць даваць фрагмэнтарныя нататкі з нарады ў кіраўніка дзяржавы):

1. За "Белтрансгаз" цяпер заламана яшчэ большая цана — ад 10 да 17 мільярдаў даляраў (раней казалі пра 5-6). Гэта апрыёры непрымальна для Масквы.

2. Калі нехта наіўны думаў, што ў пытаньні пра кошт беларускае "трубы" вызначальным стане вэрдыкт галянскага банку, дык вось не! Вы спытаеце, нашто тады было ладзіць экспэртызу? Чыньнік часу, даражэнькія! Цягнуць рызіну выгадна беларускаму боку.

3. У пытаньні нафты бакі таксама ўцягнуцца ў вязкі працэс падрыхтоўкі новага пагадненьня.

4. Газ па $200 — гэта "інсынуацыі".

5. Адзіная валюта і канстытуцыйны акт, як вынікае з выказваньняў Лукашэнкі, увогуле адкладзены ў доўгую скрыню — сама мала да сканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. А мо' і на сьвятое ніколі.

Увогуле ж яшчэ болей акцэнтавана быў агучаны ранейшы набор тэзаў, ключавая зь якіх вось гэта: Масква мусіць прытрымлівацца прынцыпу роўных умоў гаспадараньня! У Крамлі, мусіць, тысячу разоў праклялі фармулёўку, якую некалі нядоўга думаючы ўпісалі ў саюзную дамову. Тады здавалася, што ўсё адно неўзабаве тут будзе расейская губерня. Зараз жа гумавая фармулёўка дазваляе беларускаму боку тарпэдаваць спробы Масквы перавесьці эканамічныя дачыненьні на сапраўды рынкавыя рэйкі.

Ну а фразы пра тое, што "у Расеі ёсьць жаданьне захаваць дынаміку стасункаў зь Беларусьсю", "ёсьць палітычная воля не згубіць тое, што напрацавана", — у перакладзе з дыпляматычнае мовы азначаюць, што на Пуціна робіць пэўнае ўражаньне пагроза страціць апошняга хаўрусьніка. Карацей, працуе піяраўскі чыньнік "танкаў НАТО пад Смаленскам".

Натуральна, кожны бок ладзіць свой піяр. Заўтрашняя маскоўская прэса пэўна ж падасьць вынікі перамоваў не ў такім амаль што трыўмфальным для Менску ключы.

Але факт тое, што капітуляцыі на ўмовах Крамля не адбылося. Як і прадракала меней эмацыйная частка аналітыкаў, Менск і Масква будуць доўжыць торг, у якім кожны з бакоў мае сур'ёзныя козыры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0