Нацыянальная зборная Беларусі не хапала зорак на турніру «Эўрапейскага хакейнага выкліку» ў нарвэскім Сарпсборзе і выйграла толькі адзін матч. Нарвэскі турнір быў адметны тым, што на мосьціку галоўнага трэнэра беларускай каманды дэбютаваў амэрыканец Курт Фрэйзэр. Трэнэры сапернікаў зборнай Беларусі напярэдадні турніру нават ня ведалі пра гэту зьмену. Яны былі пэўныя, што ў Нарвэгію беларусаў прывязуць асыстэнты Хэнлана.

Дэбют Фрэйзэра склаўся няўдачна. У першым матчы пад ягоным кіраўніцтвам беларусы прайгралі датчанам. У першым пэрыядзе скандынаўскія хакеісты двойчы скарысталі выдаленьні нашых хакеістаў. Другі пэрыяд аказаўся безгалявым, а ў трэцім беларусам удалося адыграць толькі адну шайбу. Яна на рахунку Радзінскага. Беларусы закінулі сваю шайбу таксама ў той момант, калі каманды гулялі ў няроўных складах. У астатні час, як беларусы не намагаліся зьмяніць хаду матча, ім гэта зрабіць так і не ўдалося. Беларусы ўпершыню ў сваёй гісторыі прайгралі датчанам.

Назаўтра беларусы праэкзамэнавалі палякаў. Нашы заходнія суседзі не змаглі аказаць належнага супраціву. Чатыры безадказныя шайбы пабывалі ў польскіх брамах. Дзьве зь іх закінуў Міхалёў, па адной забілі Антоненка з Дудзікам.

Самы прынцыповы матч беларусаў чакаў у нядзелю. У выпадку перамогі менавіта беларусы станавіліся пераможцамі турніру. Але нашчадкі вікінгаў не дазволілі нам гэта зрабіць. Яшчэ за пяць сэкундаў да канца паядынка беларусы высілкамі Антоненкі, Воўчака і Сахарава выйгравалі зь лікам 3:2. Аднак усё зьмяніла шайба Мюрвэльда, якую той правёў за лічаныя сэкунды да фінальнай сырэны. У авэртайм беларусы выйшлі дэмаралізаваныя і, як вынік, на чацьвёртай хвіліне прапусьцілі шайбу.

У выніку зборная Беларусі заняла на турніры другое месца. За гэта асобны дзякуй трэба сказаць палякам, якія ў нядзелю змаглі перадужаць датчанаў.

Нарвэскі турнір, натуральна, не паказальны, бо ў зборнай адсутнічалі легіянэры, а таксама гульцы чэмпіёна менскага «Юнацтва». Але разам з тым гэты турнір дазваляе зірнуць на моц нутраных чэмпіянатаў Беларусі, Даніі і Нарвэгіі, бо ў гэтых каманд таксама адсутнічалі легіянэры. Як бачым вынік пакуль не на карысьць беларусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?