За першыя дні лістапада стала вядома адразу пра два выпадкі токаўцечкі ў тралейбусах, ад якой пацярпелі людзі. Прычынай здарэньняў, як звычайна, сталася слотнае надвор’е, мокры абутак і састарэлыя тралейбусы.
7 лістапада ў тралейбусную пастку трапіў мянчук у мікрараёне Ўручча, паведамляе Euramost. Храналёгія няшчаснага выпадку знаёмая: падбег да тралейбуса, адной нагой стаў у лужыну, другой ступіў на прыступку, а рукой дакрануўся да корпусу. Ланцуг замкнуўся. Удар токам. Падзеньне ў гразь.
Не навіна й няграматныя паводзіны кіроўцаў і пацярпелых пасажыраў. Паводле словаў мужчыны, калі ён ускрыкнуў і стаў падымацца, кіроўца з кабіны спытаўся:
–Што, б’е токам?
–Б’е.
–Даеду да кальца – разьбяруся.
І мужчына пасьля гэтага яшчэ і праехаў два прыпынкі на тым самым тралейбусе, адно што, «калі выходзіў, то баяўся зноў станавіцца на гэтыя прыступкі».
Яшчэ пра адзін выпадак сьцісла расказвае Сталічнае тэлебачаньне: пры выхадзе з тралейбуса дзяўчынку ўдарыла токам так, што яна трапіла ў больніцу ў «задавальняльным» стане.
СТВ нагадвае, што ў міністэрстве транспарту й камунікацыяў раней заяўлялі, што мерапрыемствы па павышэньні энэргабясьпекі тралейбусаў выкананыя ў поўным аб’ёме. Разам з тым, афіцыйна паведамляецца, што рухомы састаў гарадзкога электратранспарту дужа зношаны, і большая яго частка (60%) вымагае замены, бо выпрацавала свой рэсурс.
Менсктранс жа пакуль абяцае налета пачаць усталёўваць у тралейбусы «чорныя скрыні», якія будуць паказваць кіроўцу ў выпадку токаўцечкі, дзе яна і якой велічыні.
Паводле СТВ, Euramost.org





