Учорашні мой ўспамін пра Зянона Пазьняка пацягнуў за сабой ланцужок згадак. У тым ліку і з гумарыстычным адценьнем.
У прыватнасьці — як адзін калега-журналіст фантастычна вырас у вачох правадыра БНФ, вывучыўшы толькі пару слоў па-беларуску.
Напачатку 90-х папулярнасьць харызматычнага лідэра апазыцыі была калясальная. Рабіла сваю справу і тэлевізія: уся краіна замірала ля экранаў, калі змагарны Зянон, стоячы на парлямэнцкай трыбуне, мэталёвым голасам убіваў цьвікі ў труну камуністычнай сыстэмы (праўда, потым высьветлілася, што рана хавалі).
Дарэчы, і будучы прэзыдэнт раскруціўся ў значнай ступені праз жывыя трансьляцыі з Авальнай залі. Ён добра адчуваў (і адчувае!) моц тэлевізіі. Адметна, што потым гэныя трансьляцыі хуценька згарнулі...
Ну а тады, у нядоўгую эпоху нацыянальнага ўздыму, Пазьняк стаў кумірам ладнае часткі палітызаванай публікі. (Чаму БНФ даволі хутка зьехаў зь піку папулярнасьці — гэта асобная тэма.)
Увогуле, у маладой незалежнай краіне пайшла мода на беларушчыну. Дэпутаты, чыноўнікі, журналісты — носьбіты "великого и могучего" пасьпешліва засвойвалі хоць мінімум рэсурсаў матчынае мовы, каб выглядаць прыстойна.
Адзін мой калега, які заўжды пісаў артыкулы па-расейску, з уласьцівай яму інтуіцыяй вылучыў два кодавыя словы — "згода!" і "ганьба!".
Плюс выраз "гэта жахліва!".
Сапраўды, такія рэплікі раз-пораз луналі там, дзе збіралася хаця б двое дэпутатаў ад БНФ.
Эфэкт ад спрытнага маніпуляваньня гэтым лексычным мінімумам стаўся фэнамэнальны!
Я быў сьведкам, як калега спаткаў Зянона Пазьняка ў калідоры Дому ўраду. Там месьцілася і рэдакцыя "Народнай газеты", так што ўсіх палітычных куміраў журналісты раз-пораз сустракалі і ў сталоўцы, і ў курылцы, і дзе заўгодна. Завязваліся нязмушаныя дыялёгі.
(Далібог, гэта быў прафэсійны рай! Настальгую, калі зараз марна спрабую датэлефанавацца да якога-небудзь недасяжнага палітыка.)
Дык вось, той дыялёг выглядаў прыблізна так.
— ...Калі коратка адказваць на вашае пытаньне, то наша незалежнасьць у небясьпецы!
— Згода, Зянон Станіслававіч!
— Імпэрыя рыхтуе анэксію!
— Гэта жахліва!
— Але мы не дазволім...
— Згода!
— Хай скрыгочуць зубамі...
— Ганьба!
Ну і далей у аналягічным духу.
Зянон Станіслававіч палымяна прамаўляў, а калега-публіцыст, робячы пазнакі ў нататніку, не забываў пэрыядычна ўстаўляць то адно, то другое кодавае слова.
Пры абмене разьвітальнымі рэвэрансамі лідэр апазыцыі БНФ пранікнёна рэзюмаваў: маўляў, прыемна пагутарыць са сьвядомай асобай!
Нездарма псыхолягі сьцьвярджаюць: дастаткова ўмела падтакваць суразмоўцу, і ў тога застанецца ўражаньне, што пагаварыў ня проста з аднадумцам, але і надта разумным чалавекам!





