Студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ня будуць адлічваць за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 19 сьнежня ў Менску, але яны будуць пакараныя за парушэньне правілаў унутранага распарадку ВНУ.

Пра гэта паведаміў рэктар БДУ Сяргей Абламейка ў сваім відэаблогу на афіцыйным сайце ВНУ.

«На жаль, на плошчы апынуліся некаторыя студэнты БДУ, і мы цяпер праводзім аналіз, чаму і як яны там апынуліся», — заявіў Абламейка.

Рэктар паведаміў, што гэтыя студэнты парушылі правілы ўнутранага распарадку БДУ, згодна зь якімі яны «абавязаныя не ўчыняць дзеяньняў, за якія прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасьць, а таксама наведваць заняткі ў вызначаныя тэрміны і выконваць патрабаваньні, прадугледжаныя праграмамі і плянамі».

Цяпер факультэты сабралі тлумачальныя ва ўдзельнікаў мітынгу і рыхтуюць іх да падачы ў рэктарат, піша БелаПАН.

Што да пакараньня, то «гэта будуць вымовы ці заўвагі», паабяцаў рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?