Айчынныя ўлады ўсё ж здолелі ўзарваць інфармацыйную бомбу на сённяшнім саміце СНД, які ўжо ахрышчаны самым правальным у гісторыі.

Гаворка ідзе пра скандал з расейскімі газэтчыкамі.

Фактычна тутэйшае начальства паспрабавала распаўсюдзіць на усё СНД свой досьвед падзелу журналістаў на "чэсных" і "нячэсных". Але трохі перагнула кій.

Пра местачковасьць нораваў і гаварыць ня хочацца. Так падпільноўваюць за калгасным клубам тых, хто "шмат вырабляўся" на танцах.

Але, па-першае, у нас настолькі прызвычаіліся пляваць на прэсу, што пэўна не разьлічвалі нарвацца на скаардынаваны дэмарш прадстаўнікоў усіх маскоўскіх недзяржаўных мэдыяў. А тыя далі добры ўрок карпаратыўнай салідарнасьці і абароны прафэсійнай годнасьці.

Па-другое, справа не абмежавалася "спартовай злосьцю" працаўнікоў пяра з суседняй дзяржавы.

Яны, натуральна, паабяцалі асьвятліць саміт так, што мала ня здасца. "МК" ужо вывесіў на сайце цьвік заўтрашняга нумару, у параўнаньні зь якім ранейшыя публікацыі пра беларускае кіраўніцтва можна лічыць панэгірыкамі.

Але, звыш таго, у абарону сваіх выступілі ўжо і зьвяз журналістаў Расеі, і нават МЗС. Мэдыйны скандал набыў выразнае палітычнае гучаньне і можа дадаткова абцяжарыць увесь комплекс няпростых дачыненьняў між Менскам і Масквою.

Карацей, Крамлю надта і ня трэба нацкоўваць свае мэдыі (што яму закідае беларуская прапаганда). Менск выклікаў агонь на сябе.

Самае анэкдатычнае, што да гэтага саміту рыхтаваліся ад пачатку году. Спадзяваліся сабраць багаты піяраўскі плён. Атрымалі... Прычым дроў наламалі на роўным месцы.

Сапраўды, абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна.

Між тым нават у Расеі, як зазначыў старшыня іхняга зьвязу журналістаў Якавенка, "улады не дазваляюць сабе такога хамства датычна журналістаў".

Калі ж узяць, напрыклад, суседнюю Літву, дык там ківач увогуле пайшоў далёка ў іншы бок. Там чыноўнікі і палітыкі стогнуць ад "разгулу прэсы". Стогнуць, але трываюць. Дэмакратыя!

Дарэчы, на Захадзе законы іншыя: лічыцца, што публічныя асобы мусяць быць у большай ступені адкрытыя для крытыкі, чым паспаліты люд. Гэта ў нас гонар і годнасьць тузоў бароняцца асабліва суворымі артыкуламі з магчымасьцю пасадзіць "пісаку" за краты на некалькі гадоў. А ў любой заходняй краіне палітыкі, нават калі крыўдзяцца на мэдыі, лічаць за лепшае ня зьвязвацца, бо ведаюць: гэта вайна апрыёры прайграная.

Ня выйграе яе і беларуская ўлада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?