Памятаеце вобраз "горла Расеі і Заходняй Эўропы"? Гэтая мэтафара вырвалася з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, калі ён казаў украінскім журналістам пра патэнцыял гіпатэтычнага хаўрусу між Менскам ды Кіевам.

Гэты вобраз падаецца ці не ключавым.

Зь яго вынікае наступнае:

— першы беларускі прэзыдэнт жыве катэгорыямі барацьбы, нават калі кажа пра супрацу;

— па вялікім рахунку ён пачуваецца чужым як для Захаду, так і для Масквы;

— ён гатовы напоўніцу скарыстацца тымі супярэчнасьцямі геапалітычнага, нават цывілізацыйнага кшталту, што існуюць і яшчэ доўга (заўжды?) будуць існаваць між Эўропай і Расеяй.

І ня толькі між гэтымі вялікімі гульцамі. Не выпадкова нарадзілася ідэя "вялікай дугі" вонкавай палітыкі.

Можна кпіць з пэрспэктываў здабычы нафты ў басэйне Арынока, але факт тое, што ў сёньняшнім разадраным, пастаўленым на вушы сьвеце айчынная дыпляматыя мае абсяг для манэўру. Антыамэрыканісты, фундамэнталісты, папулісты — партнэраў, якія адгукаюцца з паўслова, досыць багата.

І гаворка ня толькі пра маргіналаў. Ва ўсякім разе, энэргетычнае супрацоўніцтва, якім Менск спакушае, напрыклад, Украіну і Азэрбайджан, цалкам мае пэрспэктыву. Бо Лукашэнкава тэза — "і нікому б ня кланяліся" — пераканаўчая і для Юшчанкі, і для Януковіча, і для Аліева, і для любога нармальнага лідэра сувэрэннае дзяржавы.

Ды і Барозу з Салянам, і Мэркель з Шыракам таксама кіруюцца імпэратывамі Realpolitik. Засьцерагаючыся энэргетычнага дыктату Крамля, яны сёньня міжволі падгульваюць ці могуць падгуляць беларускай уладзе.

Глядзеце: яна фактычна з парога наладзіла абструкцыю новай стратэгіі ЭЗ. І разам з тым — займела піяраўскі плён, бо магчымасьць торгу застаецца.

Між тым зноў разьвярэджаныя фобіі расейскіх элітаў датычна таго, што сінявокая хаўрусьніца можа ў любы момант здрадзіць з Брусэлем. Бач, той ужо прапануе шлюбны кантракт!

Нават заява пра фальсыфікацыю мінулых выбараў, якая, здавалася б, мусіла выклікаць сусьветны фурор, боўтнула як у балота. Ні Крамлю, ні Эўразьвязу зараз усчынаць звон не выпадае. Маскве, якая падтрымала трэці тэрмін, тут увогуле толькі маўчаць у анучку. Дый Брусэль як мыла зьеўшы. Іначай — адразу пытаньне: а чаго ж вы гэнаму "нелегітымнаму" толькі што пернік прапанавалі?

Карацей, моўчкі праглынулі заяву, сэнс якой: у сябе дома што хачу, тое і раблю!

Бачыце, як лёгка кладуцца пальцы на "горла Расеі і Заходняй Эўропы"?

Канешне, наіўна лічыць, што ў тых гульцоў няма козыраў. Але, што б ні казалі, рэжым спрытна гуляе на калізіях між Захадам ды Ўсходам (маецца на ўвазе ня толькі Расея, але і Кітай, мусульманскі абсяг). А таксама між Поўначчу і Поўднем (вазьмеце ўкараненьне ў Рух недалучэньня).

Карацей, Менск выкарыстоўвае міжнародныя супярэчнасьці па ўсіх азімутах.

Таму прагнозы, што рэжым вось-вось апынецца між молатам ды кавадлам, мусіць, збольшага выдаюць жаданае за існае. Хутчэй што ў нейкай пэрспэктыве спрацуюць працэсы эрозіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?