28 лістапада 2006 г. каля гадзіны дня па мясцовым часе (такі, як у Беларусі), Папа Бэнэдыкт XVI сышоў з трапа самалёта італьянскіх авіяліній, які прызямліўся ў аэрапорце сталіцы Турцыі Анкары. У аэрапорце Святога Айца сустрэў прэм’ер-міністр краіны Рэджэп Тайіп Эрдаган, а таксама іерархі Каталіцкага Касцёла ў Турцыі.

Папа быў апрануты ў доўгі белы плашч. На яго твары была ўсмешка, але ў яго выразе адчувалася таксама пэўнае напружанне, выкліканае, напэўна, неадназначнай рэакцыяй на гэты візіт кіраўніка Касцёла ў мусульманскую краіну.

Пасля кароткай цырымоніі прывітання госці і сустракаючыя прайшлі ў VIP-залу аэрапорта Анкары, дзе пад вялікім партрэтам Атацюрка адбылася размова Святога Айца з турэцкім прэм’ерам, які сёння ж вылятае ў Рыгу для ўдзелу ў саміце NATO. Сустрэча была нядоўгай, і журналісты маглі прысутнічаць толькі на яе пачатку, пасля чаго размова працягнулася за зачыненымі дзвярыма. Раней сама магчымасць сустрэчы Папы з кіраўніком ураду Турцыі была пад вялікім пытаннем, і пра тое, што яна адбудзецца, стала вядома толькі перад вылетам Папы з Рыма.

Пачынаючы размову, Бэнэдыкт XVI сказаў, што з самага пачатку свайго пантыфікату жадаў наведаць Турцыю, якая яму вельмі блізкая. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць дыялогу паміж цывілізацыямі. Прэм’ер-міністр Эрдаган, шчыра прывітаўшы Папу, падкрэсліў ролю Турцыі, а асабліва Стамбула, як месца, дзе сустракаюцца розныя культуры і цывілізацыі. У гэтым кантэксце ён прывёў вытрымку са стамбульскай дэкларацыі, прынятай на саміце NATO ў 2004 г., у якой ідзе гаворка пра права на сумесную бяспеку ўсіх краінаў без адознення паводле прыналежнасці да той ці іншай цывілізацыі.

Рэджэп Тайіп Эрдаган папрасіў у Бэнэдыкта XVI прабачэння за тое, што не можа далей спадарожнічаць яму падчас яго візіту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?