Менскі саміт СНД – першы ў гэтай арганізацыі, калі скандальны аспэкт зацьміў палітычны. Ці ня ёсьць скандал той самай новай цудоўнай выратавальнай канцэпцыяй, якая можа захаваць СНД?
Давайце на хвілінку ўявім, што ніякага скандалу ў Менску на гэтым тыдні не было. Ні «прыпонаў» журналістам «МК» і «Ъ» на ўваходзе ў «чупа чупс». Ні дэмаршу іхных расейскіх калег. Ні Пуціна, які хаваецца ад аб’ектываў «чэсных журналістаў», пакуль тыя ў сваю чаргу, намагаючыся пратараніць карэ ягоных бодыгардаў, енчаць: «Што вы робіце, гады, у нас з вамі адна саюзная дзяржава!»
Што ў такім выпадку мы атрымалі б з інфармацыйных стужак?
«Кіраўнікі дзяржаваў СНД загадалі Савету Міністраў замежных спраў Садружнасьці распрацаваць канцэпцыю рэфармаваньня арганізацыі... саміт садзейнічаў пашырэньню рэгіянальнага супрацоўніцтва... важны крок на шляху абмену прававой інфармацыяй...»
У хіце сусвестных навінаў такога кшталту пісулькі саступаюць месца нават прэс-рэлізу дырэкцыі Сіднэйскага заапарку аб тым, што самка гіпапатама разрадзілася трыма альбіносамі.
Саміт, а з улікам крызісу СНД, магчыма, і ўвесь праект постсавецкай інтэграцыі, выратаваў гучны скандал вакол тых самых расейскіх журналістаў.
Гэта павінна выклікаць у галовах Рушайлы і іншых адказных за ідэю захаваньня СНД адпаведныя мазгавыя канвульсіі.
Магчыма VIP-скандалы і ёсьць новай філязофіяй СНД.
Пры гэтым Рушайлу ня трэба рабіць стаўку на лёс.
Была б файна за месяц да наступнага курултаю лідэраў Садружнасьці ў часопісе Расейскай фэдэрацыі целаахоўнікаў «Бацяня-камбат» друкануць артыкул «Родзічы Рахмо-ва ня могуць зьлезьці з траўкі«. Пасьля гэтага на саміце ў Душанбэ целаахоўнікаў Пуціна не дапускаюць у залю паседжаньняў. У адказ на гэта ў знак карпаратыўнай салідарнасьці ўсе целаахоўнікі звальваюць з саміту. Смак!!!
З акторамі пытаньняў ня будзе: ня зьніклі яшчэ прэзыдэнты-фрыкі, якія вераць, што садружнасьць мае будучыню. Яны маральна гатовыя праявіць свае акторскія таланты.
Напрыклад, у Душанбэ адзін прэзыдэнт (зразумела, адпаведна з сцэнаром) можа запатрабаваць адзінай вольнай эканамічнай зоны гандлю эратычнымі часопісамі, другі -- пашырэньня абмену інфармацыяй аб тым, з кім гуляе Пэнэлёпа Круз. У трэцяга падчас саміту «выпадкова» з кішэні можа вытрусіцца пакецік з грашыма. Чацьверты хай заявіць, што пяты яго дастаў...
Іншым спосабам вы цікавасьць да СНД не захаваеце!





