10-гадовы мазыранін Андрэй Кунец зь песьняй «Новы дзень» заняў другое месца на 4-м дзіцячым конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2006». Конкурс прайшоў 2 сьнежня ў румынскай сталіцы Бухарэсьце. Найбольшую адзнаку, 12 балаў, Андрэю паставілі гледачы Расеі, Мальты і Партугаліі. 10 балаў далі ўкраінцы, румыны і швэды.
Першае ж месца, апярэдзіўшы Андрэя на 25 балаў, занялі сёстры-блізьняткі з Расеі Маша і Насьця Талмачовы. Узнагароду конкурсу яны атрымалі з рук пераможцы леташняга «Эўрабачаньня» беларусачкі Ксеніі Сітнік.
Беларускія ж гледачы аддалі два найвышэйшыя балы канкурсантам з Расеі (12) ды Швэцыі (10).
Пасьля посьпеху ў Румыніі Андрэй Кунец плянуе выступіць з новай праграмай на Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе ў Віцебску, які пройдзе ў часе фэсту «Славянскі базар».
❏
Выніковая табліца дзіцячага конкурсу «Эўрабачаньне-2006»
1. Расея – 154 балы:
2. Беларусь –129
3. Швэцыя – 116
4. Гішпанія –90
5. Сэрбія – 81
6. Румынія – 80
7. Бэльгія –71
8. Украіна – 58
8. Кіпр – 58
10. Харватыя – 50
11. Мальта – 48
12. Нідэрлянды – 44
13. Грэцыя – 35
14. Партугалія – 22
15. Македонія – 14
З выкарыстаньнем інфармацыі БЕЛТА, ИА REGNUM
Фота Афіцыйны сайт Андрэя Кунца