Здалёк сіценскі інтэрнат нагадвае вялікую вясковую хату: доўгі драўляны барак з двума ўваходамі, па дзесяць вокнаў з кожнага боку. Збудаваны ў 1961-м, у год палёту Гагарына й хрушчоўскай грашовай рэформы, сьпярша ён прызначаўся для прыежджых работнікаў леспрамгасу; пазьней, за Машэравым, сюды пачалі засяляць «хімікаў». Першы за 45 гадоў рамонт зрабілі толькі летась – надалі цывільны выгляд некалькім «хімічным» пакоям акурат перад маім прыездам – а начальства з аб’яднаньня, напалоханае чуткамі пра візыт нейкага важнага зэка зь Менску, завезла сюды раскошныя ложкі з уласнай мэблевай фабрыкі.

У нашай частцы інтэрнату чатыры пакоі. У адным жывуць майстрыца з мужам, у іншых двох – «хімікі», і адзін пакой зарэзэрваваны за міліцыянтамі, якія падчас падзеяў у Менску наладжваюць тут «ганаровую варту». Увогуле, міліцыянты – участковы, супрацоўнікі полацкага райаддзелу або ветрынскае спэцкамэндатуры – завітваюць у інтэрнат рэгулярна. Прычынаю таму, апроч менскіх, віцебскіх і замежных гасьцей, – нефармальны статус інтэрнату як тутэйшае «маліны». Вясковыя алькаголікі, беглыя «хімікі» й асобы бяз вызначанага месца жыхарства штовечар цягнуцца сюды, бо тут можна каўтнуць «максімкі» пад блатны шансон, (радзей) закусіць і нават, калі пашэнціць, пераначаваць на адным ложку зь якой-небудзь сіценскай прынцэсай.

Паколькі санвузел у інтэрнаце не прадугледжаны, шматлікія «госьці» нападпітку, як іх не выхоўвай, спраўляюць малую патрэбу проста з ганку або пад вокнамі (добра, што па вялікай хаця б адыходзяць за плот).

Узгадваю інтэрнаты, дзе даводзілася жыць раней. Рабочы ў Барані, пад Воршай, дзе бацькі з трыма дзецьмі туліліся ў адным пакойчыку. «Алімпіядныя» ў Наваполацку й Менску, дзе школьная эліта – выдатнікі! – дапаўшы да волі, жлукціла гарэлку й зацягвала пад гітару мацерныя песенькі. Студэнцкі на праспэкце Машэрава (калі ў ім у 70-х гадох мінулага стагодзьдзя жылі бацькі, гэта была яшчэ Паркавая; цяпер, калі жывуць нашыя наступнікі – Пераможцаў), дзе «аўганцы» увесь час біліся зь «юрыстамі», а потым прыяжджалі «географы» й укладвалі на падлогу ўсіх без разбору, улучна з камэндантам; дзе курсанты Акадэміі міліцыі ўначы трэніраваліся выносіць дзьверы, і калі ў пакоі аказваліся хлопцы – яны мусілі за свае грошы бегчы па гарэлку ў бліжэйшы «начнік», а калі дзяўчаты – піць ды гуляць да раніцы з будучымі ахоўнікамі правапарадку.

Узгадваю і думаю, што па-іншаму, пэўна, у інтэрнаце і не бывае. Не свая ж хата, у рэшце рэшт.

Каля паўмільёну насельнікаў Беларусі дагэтуль жыве ў інтэрнатах. А калі дадаць яшчэ й тых, хто здымае пакоі або кватэры... Тых, хто займае дзяржаўныя «квадратныя мэтры»... Дзясяткі тысячаў беларусаў усё сваё жыцьцё ад народзінаў да сьмерці пражываюць вось так, паміж агульнай кухняй і пропускам на вахце. Адсутнасьць уласнага дому – прычына многіх дзівосаў псыхалёгіі. Тыповыя насельнікі інтэрнату і да жыцьця ставяцца як да чарговага жытла, у якім пасьля іх застанецца хіба што пыл за спружынным ложкам ды пара пустых бутэлек.

Ды й сама цяперашняя Беларусь пасярод Эўропы штогод усё больш нагадвае сіценскі інтэрнат: вакол свойскія хаты, сады ды гароды, а тут – камуналка, камэндант замест гаспадара, праблемы, скандалы, міліцыя, і наведнікі – то які-небудзь мясцовы Іран, то тутэйшая Вэнэсуэла.

Апошні барак сацлягеру, кажучы моваю застою.

Ва ўсёй Эўропе ўласны дом – прадмет асаблівага гонару; у сучаснай жа Беларусі – найперш прадмет падазрэньняў (пачынаючы ад катэджаў за акружной дарогай і да дому Домаша). «Жыльёвае пытаньне» ў нас працягвае па-савецку разбураць, а не будаваць людзей.

Вось жыхарам беларускага інтэрнату Брусэль прапануе эўрарамонт. Гатовы зрабіць з бараку гатэль. Адно некалькі ўмоваў – прыбірацца ў хаце, не буяніць, перастаць хадзіць па патрэбе пад вокны – словам, паводзіць сябе, у эўрапейскім разуменьні, як дома. Ды для завадатараў сіценскага інтэрнацкага «парадку» і для цяперашняга рэжыму значна цікавейшае пытаньне – а ці будзе ў гэты гатэль, так сказаць, у належных аб’ёмах дастаўляцца з Расеі гаручае?..

І ўсё ж беларусы, якія ўжо даўно абжылі інтэрнат, ня хочуць заставацца жыць у інтэрнаце.

Беларусі патрэбен Дом.

А падмурак для ўтульнага Дома на дзесяць мільёнаў чалавек у цэнтры Эўропы – гэта нацыянальнае абуджэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?