Усё болей расейцаў бачыць у Якуніне «пераемніка», за якога прэзыдэнт Расеі параіць галасаваць народу на выбарах 2008 г.

58-гадовы Якунін кіруе «Российскими железными дорогаии», у распараджэньні якой 86 тыс. км расейскіх шляхоў. Таму яго часта называюць «жалезным Уладзімерам». Да таго ж ён сам працаваў у спэцслужбах.

У маладосьці ён рабіў кар’еру ў гандлёвых прадстаўніцтвах СССР на Захадзе, што зьяўляліся шырмай для замежнай дзейнасьці КДБ. Газэта «Русская мысль» называе яго «кадравым афіцэрам разведкі».

Сёньня былы агент КДБ надта праваслаўны. Ягоны фонд сьв. Апостала Андрэя, што дзейнічае за грошы чыгуначнай імпэрыі, сьцягвае ў Расею рэліквіі праваслаўных сьвятых. На кожныя Каляды ён прывозіць у Маскву жыватворны агонь з Храму Божага Нараджэньня ў Ерусаліме.

Якунін кіруе таксама Цэнтрам нацыянальнай славы Расеі, які арганізуе за чыгуначныя грошы канфэрэнцыі «Дыялёг цывілізацыяў», дзе даводзіцца перавага праваслаўнай цывілізацыі над заходняй.

Аднак найважнейшым аргумэнтам, які робіць з «праваслаўнага чыгуначніка» добрага «царэвіча» ёсьць тое, што нямала гадоў таму разам з Уладзімерам Пуціным ён будаваў лецішчы пад Санкт-Пецярбургам і стаўся ягоным суседам на лецішчы. З таго часу прэзыдэнт, мяняючы працу, усюды бярэ яго з сабою.

Цяперашняя палітыка Крамля закрытая гэтак жа, як і ў савецкія часы. Назіральнікі, гэтак жа як і саветолягі ў даўнейшыя часы, спрабуюць адгадаць, што рыхтуе ўлада паводле тае пазыцыі, якую займаюць важныя шышкі на трыбунах, або паводле таго, ці адсутнічаюць гэтыя шышкі на трыбуне. Таму важным сыгналам стала тое, што ў суботу на зьезьдзе «Единой России» Якунін не ўвайшоў у кіраўнічыя органы гэтай пракрамлёўскай партыі. Мэр Масквы Юры Лужкоў запэўніў: гэта азначае, што «прэзыдэнт даў яму іншае, больш важнае заданьне».

A іншы сябар кіраўніцтва «Единой России», просячы захаваць ананімнасьць, гэтак тлумачыў журналістам адсутнасьць Якуніна на зьезьдзе: «У Крамлі ўважаюць, што будучы прэзыдэнт павінен быць беспартыйны».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру