На аўторак заплянаваны мэдыцынскі агляд лідэра Сербскай радыкальнай партыі Ваіслава Шэшаля, які з 11 лістапада трымае галадоўку. У Гаагу мусяць прыбыць дактары з Сербіі, Францыі і Расеі, якія зробяць заключэньне пра стан здароўя вязьня.

Лідэр Сербскай радыкальнай партыі, які інтэрнаваны Гаагскім трыбуналам і ўжо 24-ы дзень адмаўляецца спыніць галадоўку, згубіў 19 кг. Нават ягоныя калегі не спадзяюцца, што ён выкараскаецца. Паводле іхных словаў, Шэшаль гатовы памерці.

Трыбунал адмаўляецца раскрываць любыя падрабязнасьці пра стан здароўя зьняволенага, але чалец ягонай каманды адвакатаў ў Бялградзе Марына Рагуш распавяла New York Times, што Шэшэль пакутуе на сур’ёзныя праблемы з ныркамі і перастаў прымаць лекі ад астмы і высокага ціску.

Суд над сэрбскім палітыкам, які абвінавачваецца Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі, прыпынены. У выходныя ля амэрыканскай амбасады ў Бялградзе прайшлі дэманстрацыі, маніфэстанты абвінавацілі ЗША ў спробе пазбавіць жыцьця кіраўніка СРП.

Сам Шэшаль папрасіў таварышаў па партыі абнародаваць ягоны палітычны тэстамэнт, які і быў зачытаны на мітынгу. «Я заклікаю ўсіх сябраў і асабліва лідэраў СРП не адмаўляцца ад магутнай нацыянальнай ідэалёгіі і ідэі Вялікай Сербіі». У праграме партыі да гэтай пары значыцца аб’яднаньне з сербамі Босьніі і Харватыі. Праўда, на мірнай аснове.

Шэшаль заклікае сваю партыю змагацца з глябалізацыяй і супрацьдзейнічаць уваходжаньню Сербіі ў НАТО і Эўразьвяз, якога дабіваецца сёньняшняе кіраўніцтва Сербіі.

Ён настойвае на разьвіцьці сяброўства з Расеяй і «сумленным сяброўствам» з Кітаем, Індыяй, арабскім, афрыканскім і лацінаамэрыканскім сьветам. Пры гэтым сербскі палітык заклікае паўстрымацца ад супрацоўніцтва з прэзыдэнтам Сербіі Барысам Тадзічам.

Ваіслаў Шэшаль здаўся Гаагскаму трыбуналу яшчэ ў 2003 г., але Трыбунал яшчэ працягвае працэс над ім. Шэшаль абвінавачваецца ў ваенных злачынствах, учыненых у 1990-ыя,у плянаваньні супрацьпраўных дзеяньняў разам са Слабаданам Мілошавічам, які памёр у сакавіку гэтага году пасьля некалькіх год знаходжаньня ў Гаазе.

Шэшаль сваёй віны не прызнаў ні па адным пункце абвінавачваньня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру