Кіраўнік фіджыйскіх узброеных сілаў камандор Фрэнк Байнімарама заявіў сёньня, што войска цалкам пераняло ўладу ў краіне. Гэта ўжо чацьверты ваенны пераварот на Фіджы за апошнія 20 гадоў.

А 6-й увечары ў аўторак (8 раніцы па менскім часе) войска пераняла кантроль над урадам i адміністрацыяй краіны – абвесьціў Байнімарама падчас прэс-канфэрэнцыі. Ён патлумачыў, што да акцыі яго змусіў застой у краіне. Камандор паведаміў, што абвесьціў сябе новым кіраўніком дзяржавы, замест прэзыдэнта Ёсэфы Ілёйла.

Рэзыдэнцыя прэм’ера краіны, Ляйсэніа Нгарасэ, з аўторкавай раніцы аточана войскам. Аднак нягледзячы на ціск кіраўнік ураду адмаўляецца падаваць у адстаўку. Войска заблякавала таксама пад’язныя дарогі да сталіцы краіны, г. Сува.

Пагроза ваеннага перавароту на Фіджы нарастала ўжо некалькі дзён. У панядзелак войска пад кіраўніцтвам Байнімарама пачало раззбройваньне паліцыі i цывільных парадкавых службаў. Раней Байнімарама неаднаразова пагражаў тым, што зрыне ўрад.

Прэм’ер Новай Зэляндыі Хэлен Кларк заявіла, што пераварот быў падтрыманы прэзыдэнтам Фіджы Ёсэфам Ілёйла. Паводле яе словаў, Ілёйла згадзіўся распусьціць парлямэнт і адхіліць ад улады прэм’ера Нгарасэ. У сваім радыёвыступе прэзыдэнт абвергнуў гэтыя даносы.

Новая Зэляндыя заявіла пра ўвядзеньне санкцыяў супраць прадстаўнікоў фіджыйскага войска.

Дзяржава Фіджы разьмяшчаецца на выспах у паўднёва-заходняй частцы Ціхага акіяну (на паўночны ўсход ад Аўстраліі), каля 180 градусу мэрыядыяну – на лініі перамены дат. Менавіта тут першымі сустракаюць новы дзень.

Плошча астравоў складае – 18,5 тыс. км квадратных, насельніцтва – 850 тыс. чалавек. Палову насельніцтва складаюць фіджыйцы – нашчадкі шлюбаў палінэзійцаў і мэланізійцаў, 44% - індусы, 5% - эўрапейцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?